На ўскрайку Горадні знеслі цэлы мікрараён нелегальных лецішчаў (Фота)


Знос лецішчаў

Больш за 40 год на ўскрайку Горадні, каля мікрараёну Фолюш, існаваў «Шанхай» – каля 17 гектараў зямлі, дзе былыя вайскоўцы зрабілі сабе агароды.

Увесну 2016 году «нелегальныя» дачнікі атрымалі папярэджанні, што іх агароды ды забудова будуць знішчаныя, а на гэтым месцы ў будучым паўстане парк. Як у сотняў пенсіянераў знікалі іхныя дачы, назіраў карэспандэнт Belsat.eu.

Ратавалі, што толькі маглі

Пасля 9-й раніцы тэхніка для зносу самабуду ўжо была на месцы. Дачнікі ж стараліся ўратаваць як мага больш уласных рэчаў. Забіралі з сабой амаль усё: ад рыдлёўкі да сталоў з зэдлікамі. Хтосьці выносіў нават металёвыя трубы, каб потым здаць іх у пункт другаснай сыравіны.

«Не ведаю, як цяпер жыць!» – скардзіцца пенсіянерка Валянціна. – «Я з 1970-х гадоў праводзіла тут кожныя выходныя. Гэты агародзік быў для мяне не толькі забавай, але і добрым падмацаваннем. Усё расціла, нічога не купляла!».

Няшчадная тэхніка руйнавала ўсё

Экскаватары безупынна гарнулі ўсё на сваім шляху: драўляныя плоцікі, агароды, дрэўцы ды маленечкія баракі, дзе дачнікі пераапраналіся ды захоўвалі працоўны інвентар. Пенсіянер Сяргей кажа:

«У мяне няма ні сродкаў купіць сабе сапраўднае лецішча, а сілаў туды ездзіць тым больш няма. Тут больш за тысячу агародзікаў. Гэта ж колькі пенсіянераў застануцца няшчаснымі».

Спрабавалі змагацца, але ўсё марна

Хаця дачнікі і спрабавалі змагацца за свае агароды, але ўсё было марна. Яшчэ адзін пенсіянер Мікалай скардзіцца:

«Мы прапаноўвалі ўладам выкупіць гэтыя соткі зямлі, была нават спроба подпісы збіраць, нехта хацеў пісаць прэзідэнту, але ўсё роўна знеслі. Мая суседка, як даведалася, што яе будачку з агародам знясуць, дык у шпіталь трапіла. Расхвалявалася так».

Ці сапраўды замест «Шанхаю» паўстане парк, пакажа час. Цяпер жа на месцы былых агародаў вялізарныя горы смецця ды бруду. А вакол іх стаяць ужо былыя дачнікі і назіраюць, як знікае неадемная частка іх паўсядзённага жыцця.

Мікола Дзямідаў, belsat.eu

Стужка навінаў