На Урале пачалася эпідэмія ВІЧ


У Екацярынбургу афіцыйна абвесцілі эпідэмію вірусу імунадэфіцыту чалавека.

Паводле намесніцы начальніка ўпраўлення аховы здароўя Екацярынбургу Таццяны Савінавай, у горадзе зафіксавалі 26 693 выпадкі ВІЧ. Такім чынам, носьбітам віруса з’яўляецца прыкладна кожны пяцідзясяты жыхар Екацярынбургу.

На ўліку стаяць 774 дзіцяці, дыягназ афіцыйна пацверджаны ў 342.

Паводле Савінавай, мова вядзецца пра тых, у каго дыягназ пацверджаны афіцыйна, рэальная лічбы захворванняў – яшчэ вышэйшыя.

У горадзе пераважае «наркатычны» шлях заражэння, на які прыпадае 52 % выяўленых выпадкаў. Перадача ВІЧ пры палавых кантактах зафіксавана ў 46 % выпадкаў. Аднак рэзкі рост захворвання ў апошні час, на думку лекараў, адбываецца менавіта за кошт палавога шляху перадачы.

«Гэта міф, што ВІЧ хварэюць толькі маладыя і наркаманы – мы бачым рост захворвання ў больш старэйшых катэгорыях – 30-39 і 40-49 гадоў, – цытуе Савінаву «Медуза». – Калі інфекцыя выйшла ў сацыяльна шчасную сераду, яна атрымала больш інтэнсіўны распаўсюд».

У цэлым Свярдлоўская вобласць знаходзіцца на першым месцы ў Расеі па колькасці тых, хто захварэў на сто тысяч чалавек насельніцтва.

Кіраўнік Екацярынбургу Яўген Ройзман, каментуючы паведамленне аб эпідэміі ВІЧ у горадзе, напісаў у сваім Тўітары, што «сітуацыя агульная для краіны», а ўлады гораду «проста не баяцца пра гэта казаць».

«Наша ніва» звяртае ўвагу, што сярод цяжкіх рэгіёнаў – блізкія да Беларусі Ленінградская і Цвярская вобласці, а таксама Самарская, Цюменская і Ханты-Мансійская вобласці, куды выехала на заробкі нямала беларусаў.

Сёлета ў студзені ў Расеі афіцыйна зарэгістравалі 1 мільён ВІЧ-інфекаваных.

ДД

Глядзі таксама
Каментары