На Паўла Севярынца склалі 5 пратаколаў за адзін дзень


Павел Севярынец у Курапатах. Фота - Ірына Арахоўская, belsat.eu

На Паўла Севярынца, якога затрымалі сёння побач з Курапатамі, склалі пяць адміністратыўных пратаколаў. Палітык быў вызвалены з РУУС Менскага раёну ўвечары.

Як распавёў belsat.eu лідар пратэстаў у Курапатах Павел Севярынец, на яго склалі 5 пратаколаў: за «арганізацыю несанкцыянавага масавага мерапрыемства», за «дробнае хуліганства», за «непадпарадкаванне міліцыі», за «перашкоду працы грамадскай установы» і за парушэнне правілаў дарожнага руху.

«Гэта нейкая фабрыка хлусні. Нават у маёй багатай біяграфіі гэта перабор», – адзначыў Севярынец.

Палітык паабяцаў, што заўтра а 12-й пратэсты ў Курапатах адновяцца. «Магчыма больш акуратна, але працяг будзе», – адзначыў ён.

Вольгу Нікалайчык таксама вызвалілі. Яна знаходзілася ў Бараўлянскім аддзеле міліцыі.

Павел Севярынец – лідар грамадскіх пратэстаў супраць адкрыцця рэстарацыі «Поедем, поедим» у Курапатах. Апошнімі днямі на палітыка было складзена не менш чатырох адміністратыўных пратаколаў за парушэнне правілаў дарожнага руху, бо пратэстоўцы стаялі на ўездзе ў комплекс, дзе месціцца «Поедем, поедим», і не пускалі туды аўтамабілі. Сёння ў Курапатах адбыліся сутычкі актывістаў з аховаю рэстарацыі.

Учора ў Курапатах падчас стрыму затрымалі журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву – яна больш за гадзіну правяла ў Бараўлянскім аддзеле міліцыі. На Кацярыну быў складзены чарговы пратакол паводле ч. 2 арт. 22.9 КоАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў).

ІІ, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары