На пасаду рэктара ЕГУ падалі 29 заявак


17 студзеня завяршыўся прыём заявак на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту.

Агулам пададзена 29 заявак, распавёў кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта. Паведаміць, ці ёсць сярод прэтэндэнтаў грамадзяне Беларусі, ён адмовіўся, «кіруючыся патрабаваннямі па выкананні канфідэнцыйнасці ў адносінах да прадстаўленай кандыдатамі інфармацыі».

Мілта адзначыў, што адбор кандыдатаў на пасаду рэктара будзе праводзіцца ўпаўнаважаным камітэтам. Яго чальцамі з’яўляюцца старшыня агульнага сходу сузаснавальнікаў ЕГУ і прэзідэнт фонду «Еўразія» Хортан Бібі-Сентэр, прэзідэнт ЕГУ Анатоль Міхайлаў, выконваючы абавязкі рэктара ЕГУ Ёрген Ёргенсен, чалец сенату ЕГУ і прэзідэнт студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ Ганна Філістовіч і інш.

Міжнародны конкурс на замяшчэнне пасады рэктара ажыццяўляецца ад імя ЕГУ кансалтынгавым агенцтвам «Mercuri Urval» пад эгідай Шведскага агенцтва па міжнародным супрацоўніцтве ў галіне развіцця.

Раней паведамлялася, што ключавымі кваліфікацыйнымі патрабаваннямі да кандыдата зʼяўляецца наяўнасць доктарскай ступені (PhD), не менш чым 15-гадовы досвед выкладання і навукова-даследчай дзейнасці на універсітэцкім узроўні, досвед у галіне міжнароднага супрацоўніцтва універсітэтаў. Таксама кандыдат павінен мець прынамсі пяцігадовы досвед на старэйшай кіруючай пасадзе ў сферы вышэйшай адукацыі. Будучы рэктар павінен мець досвед працы са структурамі Еўрапейскага звязу, свабодна валодаць ангельскай мовай. Валоданне рускай і/або беларускай мовай ўлічваецца ў якасці станоўчага фактару.

Былы рэктар ЕГУ Дэйвід Полік, які не валодаў ні расейскай, ні беларускай мовай, займаў гэтую пасаду з красавіка 2015 года да канца чэрвеня 2016 года.

Выконваючым абавязкі рэктара ЕГУ ў кастрычніку 2016 быў прызначаны датчанін Ёрген Ёргенсен.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт заснаваны ў Менску ў 1992 годзе, у 2004-м зачынены беларускімі ўладамі па ідэалагічных прычынах. Праз год ВНУ аднавіла працу ў Вільні. Зʼяўляецца літоўскім ВНУ, але мае нефармальны статус беларускага універсітэту ў выгнанні. Фінансуецца кааліцыяй міжнародных донараў.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары