На парламенцкіх выбарах у Грузіі кіроўная партыя атрымала 50 % галасоў


На парламенцкіх выбарах у Грузіі каля 50 % выбарнікаў прагаласавалі за «Грузінскую мару».

За «Грузінскую мару» прагаласавалі 49,65 %, за апазіцыйны «Адзіны нацыянальны рух» – 26,63 % выбарнікаў. Астатнія партыі, паводле апошніх звестак, не пераадолелі пяціадсоткавага бар’еру.

«Грузінская мара» таксама заявіла пра перамогу ў першым туры больш за 20 сваіх кандыдатаў у аднамандатных акругах. Паводле ЦВК, у многіх акругах можа быць праведзены другі тур выбараў, паколькі ні адзін з кандыдатаў, паводле некаторых звестак, не набраў больш за 50 % галасоў.

У парламенце Грузіі 150 дэпутатаў. 77 з іх абіраюцца па партыйных спісах, 73 – у аднамандатных акругах.

Чытайце таксама >>> Увайсці ў Еўразвяз: шанцы Грузіі, Малдовы, Украіны

На мінулых выбарах у 2012 годзе «Грузінская мара», заснаваная Бідзінам Іванішвілі, атрымала 54,85 % галасоў. Партыя Міхэіла Саакашвілі «Адзіны нацыянальны рух» набрала 40,43 %. На выбарах прэзідэнта ў 2013 годзе перамог кандыдат ад «Грузінскай мары» Георгій Маргвелашвілі.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў