На «Граніце» шукаюць і звальняюць «нядобранадзейных»

video

https://www.youtube.com/watch?v=UzzyNEVTcF8&feature=youtu.be

Рабочым кажуць, што працоўных месцаў проста не стае, – адсюль і звальненні. Аднак самыя звольненыя мяркуюць, што прычына – не заўсёды эканамічны крызіс. Часам дастаткова салідарнасці з незалежнымі актывістамі.

Уладзімір Табула на «Граніце» старанна працаваў слесарам 11 гадоў. Нават паступіў ва ўніверсітэт дзеля павышэння кваліфікацыі. Раптам – звольнілі.

«Страціўшы працу, я пакуль што не ўяўляю, што будзе. Вучоба, крэдыты, аліменты. Пабудавалі нядаўна кватэру, набралі крэдытаў для яе добраўпарадкавання. Як далей будуць выглядаць падзеі, я не ведаю», – гаворыць у роспачы цяпер ужо беспрацоўны мужчына, бацька 4 дзяцей.

Калегі мяркуюць, што галоўная прычына звальнення – адносіны з актывістам незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Леанідам Дубаносавым, у мінулым таксама незаконна звольненым з «Граніту».

«Ён заступіўся за працаўнікоў. А кіраўніцтву «Граніт» гэта не падабаецца. Што хочуць, тое твораць. Не глядзяць, што ў чалавека вялікі досвед за плячыма, перспектыва ёсць. Яны проста запалохваюць людзей, звальняюць», – кажа Уладзімір Табула.

Каб даведацца больш падрабязнай інфармацыі, мы патэлефанавалі намесніку генеральнага дырэктара прадпрыемства Маргарыце Серавокай, але каментаваць гэтую сітуацыя жанчына адмовілася. Звальненні на прадпрыемстве «Граніт» не першыя. Паводле рабочых, людзі баяцца пісаць скаргі ды звяртацца ў медыі з надзеяй, што ўсё абыдзецца і ім удасца вярнуцца на працоўнае месца.

Кантракт Уладзіміра Табулы скончыцца 17 снежня. Пакуль жа ён запісаўся на прыём да генеральнага дырэктара і падаў скаргу ў камісію аб працоўных спрэчках прадпрыемства. 30-гадовы інжынер збіраецца да апошняга змагацца за свае правы дзеля справядлівасці і дзеля сваіх дзяцей.

Кацярына Ерусалімская, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары