На фоне баёў на Данбасе Пуцін назваў украінцаў «брацкім народам»


Кіраўнік Расеі прызнаў таксама, што на паўднёвым усходзе Украіны адбываецца трагедыя.

Пасля анексіі Крыму і збройнага ўмяшання расейскіх вайскоўцаў у канфлікт на Данбасе, падчас якога загінулі сотні ўкраінскіх грамадзянаў, прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін усё яшчэ называе ўкраінцаў «самым блізкім і брацкім народам». Пра гэта ён заявіў на форуме «Россия зовёт!».

Па словах расейскага прэзідэнта, Масква «будзе садзейнічаць выхаду Украіны з палітычнага і эканамічнага крызісу».

«Мы зацікаўленыя ў тым, каб у нас быў надзейны, прадказальны партнёр-сусед. Нягледзячы на ўсю трагедыю, якую мы зараз назіраем, асабліва на паўднёвым усходзе, украінскі народ заўсёды быў і застанецца самым блізкім для нас брацкім народам», – сказаў Пуцін.

Прэзідэнт Расіі спадзяецца, што парламенцкія выбары ва Украіне пройдуць «годна», а пасля іх наступіць стабілізацыя.

«Мы зыходзім з таго, што ўсе людзі, якія пражываюць у любым кутку Украіны, будуць карыстацца поўнымі правамі, прадугледжанымі нормамі міжнароднага права і ўкраінскімі законамі», – сказаў расейскі лідар, патлумачыўшы, што гаворка ідзе аб выключэнні дыскрымінацыі паводле моўнай, этнічнай, рэлігійнай прыкметы.

«Толькі так і можна захаваць тэрытарыяльную цэласнасць краіны, толькі так можна вярнуцца да яе адзінства і забяспечыць развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы. Мы вельмі на гэта спадзяемся і будзем усяляк гэтаму спрыяць», – запэўніў Пуцін.

За апошнія содні ў баях з тэрарыстамі і расейскімі вайскоўцамі ў Данецкай і Луганскай вобласцях загінуў адзін украінскі жаўнер і 18 атрымалі раненні.

МЯ, belsat.eu, паводле news.liga.net

Стужка навінаў