На Дзень закаханых у Горадні жаніліся нарокам


«Тэатральны загс» працаваў у Гарадзенскім лялечным тэатры на дзень св. Валянціна.

Жартаўлівыя сужэнствы ладзіліся як амаль сапраўдныя, з той розніцай, што рэгістрацыю праводзіла спадарыня Шахеразада. Маладыя складалі клятву вернасці, замацоўвалі яе пацалункам і нават танцавалі свой першы шлюбны танец.

Для Фёдара, аднаго з удзельнікаў імпрэзы, такое «штучнае сужэнства» больш за два гады таму пераўтварылася ў сапраўднае.

«Хадзілі спачатку з маёй дзяўчынай, а цяпер ходзім з маёй жонкай, таму што два гады назад я прапанаваў ёй руку і сэрца, а ў летась мы ажаніліся. Таксама спрабавалі сябе тут у тэатральным загсе. Атрымалі прыемныя ўражанні на ўсё жыццё, таму гэта стала нашай сямейнай традыцыяй, кожны год хадзіць сюды. Аднаўляць свае пачуцці. Бавіць час. Я штодня адкрываю для сябе нешта новае ў сужэнстве, штосьці новае адкрываю ў жонцы. Што для мяне каханне? Вялікая прыгожая таямніца».

Новаспечаныя маладыя Іван і Юля таксама засталіся задаволенымі цырымоніяй.

«Вельмі пазітыўныя эмоцыі, мы толькі што ўзялі шлюб. Далі нам пасведчанне. Усё было вельмі прыгожа і цікава. Гэта была такая міні-рэпетыцыя. Праз нейкі час усё, спадзяемся, здзейсніцца насамрэч. Каханне – гэта калі родны чалавек побач».

Што цікава, хіба што найбольшым зацікаўленнем прысутных, карысталася яскравая цыганка, якая нарокам варажыла гасцям на будучае каханне. Адзінокія і неадзінокія сэрцы гуртаваліся ў доўгай чарзе, каб пачуць тыя самыя патрэбныя словы на будучую шчаслівую долю і каханне.

Галоўнай падзеяй вечара стала тэатральная пастаноўка “Love story”, падчас якой прысутныя адправіліся ў рамантычны шпацыр па кутках душы і ўбачылі розныя гісторыі пра каханне.


Глядзіце ўсе фота:


ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў