Мянчук зняў кароткаметражны блокбастар пра лятаючы люк-забойцу


Такога ў беларускім кінематографе яшчэ не было. Пагоні, сачэнне, дроны-забойцы – неўзабаве мы пабачым сапраўдны баявік пра ўсеагульную рабатызацыю проста з вуліцаў беларускай сталіцы.

24-гадовы мянчук Мікалай Асадчый здымаў футурыстычную кароткаметражку пра маладога IT-спецыяліста і злодзеяў-інжынераў цягам двух гадоў. Неўзабаве «Калектар» пабачыць свет.

«Я рабіў фільм так доўга, бо рабіў, па сутнасці, самастойна, без аніякіх рэсурсаў. Бюджэт складае 400 долараў. Я не лічу кошт тэхнікі, якую набываў цягам некалькіх год. Галоўным чынам грошы пайшлі на арэнду святла ды іншай тэхнікі, якой у нас не было, а таксама на паліва», – распавёў стваральнік стужкі журналістам belsat.eu.

Паводле Мікалая, ён ад пачатку хацеў рабіць кіно пра робатаў.

«Думаў зрабіць кіно з графікай, але не як ва ўсіх, бо Тэрмінатар – гэта ўжо нудна. Аднойчы пабачыў адчынены люк, і задумаўся, што адбылося, хто яго скраў? Пачаў фантазіяваць, можа яго не скралі, а ён сам адляцеў. Мы хацелі паказаць, што жывем у рэчаіснасці і нават не ведаем, што можа хавацца пад нашымі нагамі».

«Мы – аматары»

Здымкі «Калектару» яшчэ не завершаныя. Усяго ў праекце бяруць удзел дзевяць асобаў, але непасрэдна прадукцыяй займаюцца Мікалай і ягоны сябра, які адказвае за карэкцыю колераў.

«Мы – аматары. У мяне няма кінаадукацыі, я здымаў нешта для сябе і сяброў. А калі вучыўся на камунікатыўным дызайне ў БДУ, пазнаёміўся з 3D-графікай. Было цікава звязаць яе з відэа. Гэта было маёй матывацыяй».

[/vc_column_text][vc_single_image image=”35467″ img_size=”large”][vc_column_text]Аўтар фільму спадзяецца, што вынікі двухгадовай працы можна будзе пабачыць ужо неўзабаве – да канца 2015-га года.

Таксама малады рэжысёр-самавук станоўча ацаніў развіццё беларускага кінематографу, дадаўшы, што ўжо мае планы на будучыню.

«У беларускага кіно вялікі патэнцыял. З апошняга, што спадабалася, гэта фільм «ГараШ». Таксама мне прыпаў да густу новы фільм Івана Маслюкова «Фартуна». Беларускае кіно шматгранна развіваецца: ад Мікіты Лаўрэцкага з ягоным экзістэнцыяльнымі пытаннямі існавання да Кірыла Нонга, які здымае на амерыканскі манер. У мяне ёсць ідэі на будучыя праекты. Магчыма, гэта будзе фестывальная работа. Паспрабую зрабіць нешта больш драматычнае».

Дар’я Румянцава, belsat.eu

Стужка навінаў