Мы кітайцам – мяса і зямлю, а яны нам – мільярд


Кітай плануе ўкласці ў аграрную галіну Беларусі $ 1 млрд у 2017 годзе. Умовы і кірункі абмяркоўваюцца.

Пра поспехі ў перамовах маштабнага аграпраекту паведамілі прэзідэнт карпарацыі DRex Дай Шывей і прэзідэнт Xinrongji Holding Group Ніан Ёнган.

Кітай абавязаўся да 1 верасня зарэгістраваць сумеснае прадпрыемства па экспарце беларускіх сельгаставараў у абʼёме не менш за $ 10 мільёнаў у месяц. Супольная кампанія атрымае права выкупляць долі іншых беларускіх сельгаспрадпрыемстваў.

Перадусім кітайскі бок цікавіць вытворчасць малочнай прадукцыі. Кітайцы разлічваюць стварыць у Беларусі буйное прадпрыемства, але не выключаюць варыянт мадэрнізацыі аднаго з існуючых.

Беларусь прапанавала для інвестыцыяў Аршанскі мяса-малочны камбінат, «Малочны гасцінец» і «Здравушку-мілк». Кітай гатовы разгледзець куплю доляў у гэтых прадпрыемствах.

Зацікаўлены Кітай і беларускай зямлёй. Інвестар гатовы ўзяць у арэнду 20 тысяч гектараў зямлі ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці пад пабудову малочных фермаў на 40 тысяч галоваў. Таксама ёсць намер выкупіць долю ў банку «Масква-Менск» і стварыць да 1 кастрычніка ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку прадпрыемства па выпуску новага віду ўпакоўкі на аснове полілактыду, які павінен замяніць пластыкавую і поліэтыленавую ўпакоўку.

ДР belsat.eu паводле tut.by

Стужка навінаў