Мусульманскі мэр Ратэрдаму: Не падабаецца ў Еўропе – валіце


Ахмед Абуталеб рэзка пракаментаваў тэракт у рэдакцыі французскага часопісу «Charlie Hebdo». Выступаючы ў прамым эфіры аднаго з галандскіх тэлевізійных каналаў палітык вельмі раззлаваўся з-за няздольнасці часткі мусульманскай абшчыны адаптавацца да ліберальнага ладу жыцця Еўропы і свабоды слова.

«Ёсць такія месцы ў свеце, дзе вы можаце быць самімі сабою, быць сумленнымі з самімі сабою, і дзе вам не трэба будзе забіваць нявінных журналістаў. І калі вам не падабаецца тут з-за таго, як гумарысты робяць газету, я маю права вам сказаць – валіце.

Гэта тупа, гэта неверагодна, гэта невытлумачальна. Знікніце з Нідэрландаў, калі вы не ў стане знайсці сабе тут месца. З-за вас зараз на ўсіх нармальных мусульман будуць глядзець коса».

Абуталеб прыехаў з Марока ў Галандыю ва ўзросце 15 гадоў. Да палітычнай кар’еры працаваў журналістам. Пасля яго прызначэння мэрам Ратэрдаму, дзе больш за палову насельніцтва складаюць прадстаўнікі этнічных меншасцяў, анты-ісламскія партыі пачалі патрабаваць ягонай адмовы ад мараканскага грамадзянства.

Сёння ў СМІ з’явілася інфармацыя, што адказнасць за тэракт узяла емэнская ячэйка «Аль-Каіды», якая «даручыла» атакаваць сатырычны французскі штотыднёвік.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў