МУС Беларусі адказаў на петыцыю пра легалізацыю марыхуаны


forbidden flower

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі афіцыйна адказала на петыцыю з сайту petitions.by, у якой больш за 4600 падпісантаў прасілі легалізаваць і дэкрыміналізаваць вырошчванне, захаванне і ўжыванне (але не распаўсюд) марыхуаны ў невялікім аб’ёме.

У адказе МУС спасылаецца на пастанову Міністэрства аховы здароўя ад 11 лютага 2015 г. №19 «Аб устанаўленні рэспубліканскага пераліку наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў, якія падлягаюць дзяржаўнаму кантролю ў Рэспубліцы Беларусь».

Паводле гэтай пастановы, каноплі (марыхуана) аднесеныя да 5-га спісу небяспечных наркатычных сродкаў і не выкарыстоўваюцца ў медыцынскіх мэтах.

«На дадзеным этапе пытанне легалізацыі канопляў (марыхуаны) не ёсць актуальным і апраўданым з пункту гледжання бяспекі здароўя насельніцтва Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў адказе начальніка галоўнага ўпраўлення МУС Генадзя Казакевіча.

Тым часам аўтары петыцыі сцвярджаюць, што ў Беларусі на ўтрыманне асуджаных за ўжыванне ці захаванне канопляў траціцца 6 млн долараў на год і іх саджаюць на 8–15 гадоў.

На думку аўтараў петыцыі, легалізацыя і дэкрыміналізацыя марыхуаны ў Беларусі таксама дазволіць «разгрузіць судовую сістэму», знізіць рызыкі спажывання неякаснай марыхуаны, «нанясе ўдар па арганізаванай злачыннасці».

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары