Міністэрства культуры паабяцала правесці даследаванне, каб выявіць гістарычную каштоўнасць бел-чырвона-белага сцяга


Зміцер Дашкевіч атрымаў адказ Міністэрства культуры на зварот дзесяці з паловай тысяч беларусаў з патрабаваннем надаць бел-чырвона-беламу сцягу статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

У сваім Facebook Дашкевіч адзначыў, што яго здзіўляе дурасць фармулёвак адказу, які падпісаны намеснікам культуры Алесем Яцко.

«З аднаго боку, здзіўляе дурасць фармулёвак. Так Мінкульт піша: «У прадстаўленай у міністэрства культуры прапанове не ўтрымліваецца дакументальнага абгрунтавання і поўнай, дакладнай і якаснай фіксацыі графічнымі сродкамі элемента, якому прапануецца надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці». Гэта выходзіць што, я павінен падняць з архіваў дакументальную фіксацыю сцяга, які з 91-га па 95-ты гады быў дзяржаўным, ці гэта павінен зрабіць Мінкульт? Бо інакш для чаго мы з падаткаў фінансуем гэту структуру дармаедаў?», – задаецца пытаннем актывіст.

У адказе таксама прыведзена цытата з ліста Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, згодна з якім «для падрыхтоўкі навуковага абгрунтавання адзначанай калектыўнай прапановы грамадзянаў неабходна правесці грунтоўнае навуковае даследаванне з мэтай выяўлення арыгінальных архіўных дакументаў і матэрыялаў, што патрабуе працяглай працы вучоных і адпаведных фінансавых выдаткаў».

«Цікава, ім самім ня смешна? Для таго, каб знайсці фотку Лукашэнкі, дзе ён прысягаў пад бел-чырвона-белым сцягам, акадэмікам трэба правесці «грунтоўнае навуковае даследванне»! Што ж, мы ім дапаможам, вышлю ім тую самую фотку – няхай збіраюць вучоных і даследуюць».

Аднак ёсць і станоўчы момант, адзначае Дашкевіч. Даследаванне плануюць правесці ў 2017-ым годзе.

«Прапанова аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу статуса нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці накіравана ў Нацыянальную акадэмію навук, дзе будзе вывучацца з улікам выдаткавання сродкаў на навуковыя даследаванні ў новым фінансавым годзе».

Зміцер Дашкевіч прапануе дапамагчы акадэмікам і вучоным зрабіць 2017 год – год 500-годдзя беларускай Бібліі Скарыны, таксама і годам бел-чырвона-белага сцяга. Актывіст заклікаў у навагоднюю ноч сабрацца на плошчы Кастуся Каліноўскага (Кастрычніцкая) з бел-чырвона-белым сцягам.

Акцыя па зборы распачалася 19 верасня (у Дзень Сцяга – 19 верасня 1991 года гістарычная сімволіка была прызнана дзяржаўнай), і доўжылася месяц.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары