Міністэрства фінансаў разлічвае дамовіцца з МВФ па крэдыце да канца года

video

Пра гэта 3 кастрычніка заявіў міністр фінансаў Уладзімір Амарын.

«Мы мяркуем, што шанцы дамовіцца з МВФ да канца 2016-га ёсць», – адзначыў Амарын.

Кіраўнік ведамства паведаміў, што беларускія ўлады на гэтым тыдні працягнуць перамовы з Міжнародным валютным фондам.

«Заўтра, 4 кастрычніка, беларуская дэлегацыя накіруецца ў Вашынгтон для ўдзелу ў штогадовым з’езде МВФ, там будуць працягнутыя перамовы з валютным фондам па праграме», – удакладніў Уладзімір Амарын.

Чыноўнік канстатаваў, што абмеркаванне гэтага пытання (будучай праграмы з МВФ) на сённяшняй нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі «было вострым, тым не менш перамовы з валютным фондам працягваюцца».

Як адзначыў міністр фінансаў, сустрэчы беларускіх уладаў з місіяй МВФ, якая апошнія два тыдні працавала ў Менску, «паказалі, што нашы пазіцыі збліжаюцца, разуменне паляпшаецца, і мы будзем у працэсе перамоваў дамаўляцца».

Беларускія ўлады вядуць перамовы аб атрыманні новага крэдыту Міжнароднага валютнага фонду на 3 млрд долараў прыкладна пад 2,3% тэрмінам на 10 гадоў. Каментуючы ўмовы, якія вылучае МВФ для пачатку новай крэдытнай праграмы, Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 3 кастрычніка раскрытыкаваў пазіцыю МВФ па некаторых пытаннях.

«Калі іхныя (патрабаванні) прачытаеш, усё зводзіцца да аднаго (калі казаць пра сацыяльныя напрамкі): ніякага павышэння зарплаты, неадкладнае павышэнне тарыфаў і іншага. Камуністы б сказалі – на ўдушэнне народа. Я не хачу сказаць, што нас хто-небудзь хоча задушыць. Нас ніхто не панукае, але, на жаль, формула такая»», – сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі заўважыў, што не ўсе патрабаванні МВФ «падыходзяць пад гэту негатыўную фармулёўку».

На нарадзе Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму прапаноўваюць падпісаць ліст на імя кіраўніка МВФ Крысцін Лагард, якое ідзе насуперак з дадзенымі народу абяцаннямі. «Гэта зневажальна не толькі для мяне. Гэта зневажальна ў дачыненні да нашага народа», – заявіў Лукашэнка.

Па выніках нарады кіраўнік Нацбанку Павел Калаур заявіў журналістам, што ліст Беларусі аб намерах да Міжнароднага валютнага фонду будзе дапрацаваны.

У адпаведнасці з правіламі МВФ, краіна, якая прэтэндуе на атрыманне фінансавання, накіроўвае адпаведны ліст аб намерах. Да яго прыкладаецца мемарандум аб канкрэтных макраэканамічных дзеяннях.

«Безумоўна, з улікам сённяшняй нарады ў кіраўніка дзяржавы і кансультацый у Вашынгтоне, мы дапрацуем гэты ліст з улікам непасрэдна інтарэсаў нашай дзяржавы. І пры неабходнасці накіруем яго ў МВФ. Канкрэтнае напаўненне ліста мы ўзгоднім, непасрэдна правёўшы кансультацыі спачатку ў Вашынгтоне з кіраўніцтвам Міжнароднага валютнага фонду, а потым унутры нашай краіны», – цытуе Калаура дзяржаўнае агенцтва belta.by.

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by, belapan.by

Глядзі таксама
Каментары