Міністэрства абароны РФ выдасць дапаможнік па этыкеце для «ветлівых людзей»


Гэткім чынам чыноўнікі пастанавілі змагацца з брыдкаслоўем сярод вайскоўцаў і выкараняць ненарматыўную лексіку ў войску.

Кніга напісана заснавальнікам Цэнтру этыкету Іванам Арцішэўскім, паводле якога, яна ўжо гатовая і атрымала станоўчы водгук ад ваеннай акадэміі.

 

Цяпер вырашаецца пытанне пра наклад дапаможніка, які раскажа вайскоўцам аб правілах ветлівасці за межамі вайсковай часткі: як размаўляць з жанчынамі, паводзіць сябе за сталом, у грамадскім транспарце і іншых жыццёвых і побытавых сітуацыях.

«У дапаможніку змешчаныя такія раздзелы, як, напрыклад, добрыя і дрэнныя манеры, імідж і вонкавы выгляд, парадак прывітання, поціск рукі, паводзіны ў грамадскіх месцах, галантнасць, свецкія абавязкі мужчын, тэлефонныя размовы, прабачэнні, пунктуальнасць і абавязковасць».

Кніга для ветлівых людзей

Аднак не ўсе вераць у тое, што такая кніга дапаможа «ветлівым людзям» менш брыдкасловіць.

«Дапаможнік часткова дапаможа – напэўна, пры камандзіру салдаты не будуць сварыцца. У гэтым пытанні павінна быць строгасць, калі хтосьці мацюкацца, то камандзір павінен абавязкова пакараць радавога – нарад па-за чаргой, пачысціць 100 кг бульбы, пачысціць двор ды інш.», – распавёў  «Известиям»член «Усерасейскага сходу» Уладзімір Расноўскі.

Тэрмін «ветлівыя людзі» стаў папулярны падчас анексіі Крыму. Так сталі называць вайсковаслужбоўцаў падраздзяленняў расейскага спецназа, якія прысутнічалі на паўвостраве ў ваеннай форме без апазнавальных знакаў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў