Міліцыянт пабіў дзіця, а ягоная жонка судзіцца з сямʼёй школьніка


У Столінскім раённым судзе распачаўся разгляд пазову Ірыны Прылуцкай – жонкі інспектара Столінскага РУУС, які ў ліпені збіў 9-гадовага Улада Палхоўскага. І міліцыянт, і ягоная жонка сцвярджаюць, што хлопец штурхнуў іхнага сына з горкі і тым самым нанёс яму цялесныя пашкоджанні. Прылуцкая патрабуе 1000 рублёў кампенсацыі за нібыта маральную шкоду.

«Суцэльнае трызненне. Позва ні пра што. Ні пра што натуральна. Яна яшчэ просіць, каб я перад ёй выбачалася, але за што я мушу выбачацца? За тое, што ейны муж збіў маё дзіця? І я мушу яшчэ ёй маральную шкоду задаволіць?» – кажа Святлана Палхоўская, маці хлопчыка, якога пабіў міліцыянт.

12-га ліпеня ў Століне адбыўся беспрэцэдэнтны выпадак міліцэйскага сваволля – дзевяцігадовага Улада Палхоўскага збіў старшы інспектар аховы правапарадку і прафілактыкі мясцовага РАУС Вадзім Прылуцкі. Міліцыянт ударыў хлопчыка некалькі разоў у грудзі, па нырках і жываце – нібыта за тое, што ён зачапіў ягонага сына.

Нягледзячы на зафіксаваныя медычнай экспертызай пабоі, нанесеныя Уладу, суд прыпыніў разгляд справы, а самога хлопчыка ў выніку паставілі на ўлік у інспекцыі ў справах няпоўнагадовых.

ВБ, belsat.eu

Стужка навінаў