Міліцыя затрымоўвае, бо ім «падаецца»

video

Вы апранутыя ў доўгую сукенку, маеце хустку на галаве і торбы ў руках? Будзьце асцярожныя, бо міліцыя прыме Вас за цыганку і можа без тлумачэння прычынаў затрымаць. Прынамсі такая гісторыя здарылася з жыхаркаю Менску Жаннаю Бразоўскай.

Жанчына падпрацоўвае кур’ерам і дастаўляла цацкі аднаму з кліентаў, калі да яе ззаду падыйшоў мужчына ў цывільным і «паказаў нейкую паперку, якая павінна, быццам бы, быць пасведчаннем міліцыянта».

«Ён пытаецца, дзе я жыву. Я кажу: я ня веру, што вы — міліцыя. І пайшла», — узгадвае Жанна.

Падчас дастаўкі тавару кліенту Жанна папрасіла яго правесці яе да аўтобуснага прыпынку, бо баялася, што ўнізе яе чакае «міліцыянт». Яны выйшлі разам з дому — мужчына ў цывільным насамрэч чакаў іх.

У выніку жанчына паказала яму пашпарт і незнаёмы перапісаў яе звесткі. У гэты час пад’ехала машына з яшчэ трыма мужчынамі ў цывільным.

Жанна адмовілася ехаць з імі і пачала тэлефанаваць па нумары 102. Але мужчыны не сталі чакаць: яны сілай запіхалі дзяўчыну ў машыну. Па дарозе Жанну ўвечь час абражалі. Факт, што яе прывезлі ў РАУС, жанчына ўспрыняла з палёгкаю: незнаёмцы аказаліся сапраўднымі міліцыянтамі. Але толькі ў «апорцы» ёй патлумачылі прычыну затрымання. Яна, нібыта, падобная да жанчыны-цыганкі, якая за тыдзень да гэтага здзейсніла злачынства. У выніку Жанна правяла ў аддзяленні 7 гадзінаў ды на яе склалі пратакол за непадпарадкаванне працаўнікам міліцыі.

«Калі мы глядзім пратакол адмін. правапарушэнні то мы бачым, што чалавека затрымлівалі нібыта за здзяйсненне правапарушэння, але гэта не адпавядае сапраўднай карціне таго, што адбывалася», — каментуе Казус Жанны праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Жанчына ўжо накіравала звароты ў пракуратуру, Следчы камітэт, упраўленне ўласнай бяспекі МУС і адміністрацыю прэзідэнта.

Ян Брыскер

Глядзі таксама
Каментары