Міліцыя не схапіла ў судзе Вольгу Нікалайчык, асуджаную на 13 содняў «за касметычку»


«Прыйдзіце, мы вас пасадзім», – актывістка спадзяецца прынамсі на такія словы з боку міліцыянтаў.

Суд Цэнтральнага раёну Менску абвінаваціў актывістак Вольгу Нікалайчык і Кацярыну Садоўскуюу ў брыдкаслоўі ды супраціве міліцыянтам. Вольга Нікалайчык атрымала 13 сутак арышту, Кацярына Садоўская – штраф у памеры 10 800 000 беларускіх рублёў. Жанчын судзілі за акцыю-перформанс, калі яны пакінулі пад расейскай амбасадай адмысловы «чамадан-касметычку», выказваючыся гэтак супраць прыезду прапуцінскіх байкераў у Беларусь.

Суд адхіліў хадайніцтва адваката актывістак, каб прагледзець падчас працэсу відэа, запісанае камерамі амбасады. «На камерах аховы мусіла б выразна відаць, што мы не біліся, не супраціўляліся, не куляліся па зямлі. Кацярыне Садоўскай 70 гадоў, у яе цукровая хвароба. Яна не можа нават ногі сагнуць, не кажучы ўжо пра тое, каб качацца па зямлі. Гэты суд – гэта проста вычварэнства было», – распавяла Belsat.eu Вольга Нікалайчык.

На сённяшні суд актывістка прыйшла з сабранымі рэчамі, бо меркавала, што ёй могуць прысудзіць арышт. Пасля агучвання прысуду міліцыя не схапіла рэжысёркі, якая змагла спакойна пакінуць залу. «Там было вельмі шмат людзей, шмат журналістаў, шмат тых, хто прыйшоў мяне падтрымаць. Магчыма, міліцыянты пабаяліся мяне чапаць на вачах ва ўсіх», – тлумачыць спадарыня Вольга.

Паводле ейнага адваката, яна мае 5 дзён дзеля абскарджання прысуду, таму, магчыма, гэта ўлічылі міліцыянты. «Аднак ад нашай міліцыі можна спадзявацца ўсяго. І тыя 5 дзён для іх не перашкода, каб прыйсці мяне і забраць. Яны могуць гэта зрабіць у любую хвіліну, але я спадзяюся, што яны зробяць гэта цывілізавана, а не так, як перад 9 траўня, калі спрабавалі ўварвацца ў мой дом, патапталі кветкі пад вокнамі, ледзь не вынеслі шыбы. Хай выклікаюць позваю альбо прынамсі пазвоняць: «Прыйдзіце, мы вас пасадзім», – адзначыла актывістка.

Як заўважыла спадарыня Нікалайчык, гэтак яна дае шанец міліцыянерам не ганьбіць сябе, а праявіцца «сапраўднымі мужчынамі».

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары