Мікола Статкевіч: Трамп – амерыканская версія Жырыноўскага

video

Вашынгтон перастане ўмешвацца ў справы іншых краінаў і «зрынаць рэжымы». Пакуль гэта толькі абяцанне, якое прагучала з вуснаў кандыдата ў прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Доналда Трампа. Аднак, што стане са светам, калі Амерыка адмовіцца ад ролі будаўніка дэмакратыі?

Трамп падкрэсліў, што «мы хочам моцы для нашай краіны, мы хочам абараніць нашую краіну». Галоўным мусіць быць захаванне бяспекі ЗША і барацьба з гэтак званай «Ісламскай дзяржавай», дадаў мільярдэр. Паводле яго, у Злучаных Штатаў «няма іншага выбару».

«ЗША заўсёды былі ўзорам свабоды і дэмакратыі і такім чынам Злучаныя Штаты ўплывалі на змены недэмакратычных рэжымаў», – мяркуе былы беларускі палітвязень Мікола Статкевіч.

«Трамп прапануе простыя рашэнні складаных рэчаў. І калі ён стане прэзідэнтам, то апынецца закладнікам сваіх прапаноў. Ягоны стыль паводзінаў – гэта Жырыноўскі (расейскі палітык Уладзімір Жырыноўскі – заўв. belsat.eu) у палітыцы. Уявіце сабе Жырыноўскага на галоўнай пасадзе свету», – прапануе Мікола Статкевіч.

Паводле палітыка, Амерыка выконвае функцыю сусветнага жандара, «стрымліваючы некаторыя безадказныя рэжымы ад бразгання зброяй».

«Мы павінны баяцца, што можам апынуцца сам на сам з Расеяй, якая мае намер аднаўляць сваю імперыю», – адзначыў у эфіры праграмы «Гарачы каментар» Мікола Статкевіч.

Былы палітвязень упэўнены, што ЕЗ слабы і адзінай рэальнай супрацьвагай Маскве можа быць толькі Вашынгтон.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары