Мікалай Старыкаў: «Беларусь – частка вялікага рускага свету»


На сустрэчы з пісьменнікам Мікалаем Старыкавым выявілася, што адэпты «рускага свету» і аматары тэорыяў змоваў – адныя і тыя ж людзі.

Пасля таго як кнігарня «Светач» і гатэль «Беларусь» адмовілі аднаму з лідараў «Антымайдану», пісьменніку Мікалаю Старыкаву ў памяшканні, месца для сустрэчы з чытачамі прапанаваў «Дом Масквы».

Каля ўвахода размясціўся стэнд з кнігамі Старыкава і ягоных аднадумцаў. Кнігі карысталіся попытам. Калі нехта запытаўся, ці можна разлічыцца расійскімі рублямі, я падумаў, што гэта ўдалы жарт. Пасля двухгадзіннай сустрэчы ў гэтым можна было засумнявацца.

Перад сустрэчай у «Доме Масквы» Старыкаў быў госцем на беларускім ТБ, у праграме Вадзіма Гігіна. Паведамлялася, што ён і будзе вядучым сустрэчы, але Гігін у залі не з’явіўся. Сустрэча пачалася з хвіліны маўчання па загінулым у Парыжу і па пасажырах расейскага самалёта. Зрэшты, ужо праз колькі хвіланаў Старыкаў казаў пра тое, што Захад наўмысна арганізаваў тэракты, каб «выглядаць ахвярай і мець магчымасць нарошчваць прысутнасць у Сірыі». Расейскую вайсковую аперацыю лідэр «Антымайдану» назваў «вяртаннем шматпалярнага свету», доўга распавядаў пра эфектыўнае змаганне расейскай арміі з тэрарыстамі, высокадакладную зброю і пра тое, што рашэнне Пуціна «паламала ўсе планы Захаду».

Калі прысутныя ў залі маладафронтаўцы пачалі скандаваць «Чамадан, вакзал, Расея», да іх падляцелі нейкія маладзёны з бэйджамі і ўдарамі выпхалі тых з залі.

Старыкаў назваў усе «правакацыяй, часткай інфармацыйнай вайны, карцінкай для гледачоў з Украіны». І дадаў, што затое «цяпер у залі дыхаць стала лягчэй».

Сустрэча была прасякнутая думкай, што «ЗША хочуць захапіць і знішчыць Расею». Дарэчы, нават Еўропа, на думку Старыкава, была акупаваная амерыканцамі. Мае суседзі, маладыя хлопцы ў строях, станоўча рэагавалі на шматлікія заявы Старыкава, а таксама шкадавалі, што не могуць ударыць маладафронтаўцаў і хаялі незалежных журналістаў.

«Кітай – гэта праект ЗША»

І калі хтосьці з залі заяўляў, што «Кітай – праект ЗША», гэта не быў тонкі тролінг: палова пытанняў грунтавалася на тэорыях змоваў. А тых, хто гэтыя тэорыі спрабаваў разбурыць, зала ўзнагароджвала заўвагамі пра неадукаванасць. Аднойчы ў адказ на нейкі крытычны каментар выбухнула «чамадан-вакзал-Берлін». Старыкаў жа на крытычныя заўвагі не адказваў, умела адыходзячы да іншых тэмаў.

Калі прысутныя папрасілі Старыкава раз і назаўжды вызначыцца са сваім стаўленнем да беларускай дзяржаўнасці і ідэнтычнасці, той адказаў, што «паважае нашую ідэнтычнасць, але лічыць Беларусь часткай вялікага рускага свету». Пачаліся апладысменты.

Іван Шыла, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары