Мікалай Чаргінец: Калі Ахлабысцін выйдзе за межы закона – будзем рэагаваць


Грамадскі савет па маральнасці ўзяў «справу Ахлабысціна» на кантроль, а арганізатар яго турнэ па Беларусі Уладзімір Шаблінскі непрыемна ўражаны ажыятажам вакол канцэртаў расейскага актора.

Адзін з актыўных прыхільнікаў «русского мира», расейскі актор Іван Ахлабысцін, прыехаў з гастролямі ў Беларусь.

Напярэдадні канцэртнага туру расейскага актора па нашай краіне, праціўнікі расейскай агрэсіі на ўсходзе Украіны зладзілі Twitter-акцыю і запусцілі ў сеціва гэштэг #Охлобыстинп**дуйизБеларуси.

«Мне непрыемна гэтая сітуацыя з ажыятажам у СМІ вакол канцэрту Івана Ахлабысціна. Я разумею, што мне трэба гэта неяк пракаментаваць. Бліжэйшым часам я выкажуся на гэты конт у сваім Facebook‘у. Шмат хто пытаецца пра маю пазіцыю адносна Украіны, пра маё стаўленне да дэмакратыі і свабоды. Скажу вам, што нічога не змянілася», – кажа прамоўтар Уладзімір Шаблінскі, які ладзіць канцэрты Ахлабысціна ў Беларусі.

За выступамі расейца, як высветлілася, пільна сочаць не толькі беларускія блогеры і журналісты, але і Грамадскі савет па маральнасці.

«Да нас са скаргамі ніхто не звяртаўся, але я вам скажу, што мы ўзялі справу на кантроль. Паглядзім, калі ён выйдзе за межы нашых законаў, і будзе прапагандаваць фашызм, то, вядома, мы адрэагуем», – запэўнівае ў размове з belsat.eu кіраўнік грамадскага савету Мікалай Чаргінец.

Паводле чыноўніка ў Грамадскім савеце па маральнасці дастаткова шмат людзей, «якія насцярожаныя» гэтым канцэртным турам.

Сам жа Іван Ахлабысцін скардзіцца праз сацсеткі на «фашыстаў» з Беларусі. Расейскі экс-святар і прыхільнік Наваросіі заявіў, што гатовы нават памерці на святой беларускай зямлі. Піша Ахлабысцін ў сваім Twitterы, адказваючы на прапанову інтэрнэт-карыстальнікаў не прыязджаць у нашую краіну.

Першы творчы вечар Івана Ахлабысціна ў к/з «Мінск» сабраў поўны зал.

ЮВ, ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў