Міхаіл Гарбачоў павіншаваў немцаў з падзеннем Берлінскага муру


Апошні кіраўнік СССР выступіў на ўрачыстасцях у Берліне. Ён зазначыў, што нягледзячы на канец халоднай вайны, у Еўропе адчуваецца напружанасць у стасунках з Расеяй.

«У 1966 годзе я першы раз прыехаў у Нямеччыну – у ГДР. Было шмат разбураных будынкаў, чорны змрочны горад. Гэта ўсё – адбіткі вайны, якая скончылася такой драмаю для ўсіх нас. Цяпер – зусім іншая сітуацыя, але я мушу сказаць: цяпер адчуваецца напружанне. І ў Еўропе, і ў свеце. Ізноў трэба думаць аб тым, каб не празяваць, не ўпусціць, не прамаргаць. Захаваць нашыя дасягненні з мінулых гадоў, – сказаў Міхаіл Гарбачоў. – Ёсць стары, спраўджаны досвед: калі Расея і Нямеччына сябруюць – тады Еўропе спакайней. І ў свеце лепш. Давайце не забываць пра гэта».

Міхаіла Гарбачова запрасілі ў Берлін да ўдзелу ў святочных мерапрыемствах з нагоды 25-годдзя падзення Берлінскага муру. Святкаванне гэтай гадавіны працягнецца да нядзелі ўключна.

Нядаўна былы кіраўнік СССР звярнуўся да Уладзіміра Пуціна і заходніх лідараў, заклікаўшы іх не дапусціць новай халоднай вайны. Міхаіл Гарбачоў мае вялікі аўтарытэт у Заходняй Еўропе, яго ўзнагародзілі Нобэлеўскай прэміяй міру за дэмакратычныя рэформы ў Савецкім саюзе. Тым часам на радзіме распад СССР і падзенне камуністычнага рэжыму многія лічаць трагедыяй.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў