Мэркель распавяла, калі санкцыі супраць Расеі будуць знятыя


Еўрапейскія лідары пракаментавалі будучыню адносінаў з Расеяй.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель патлумачыла, што трэба, каб ЕЗ адмяніў санкцыі. Паводле яе словаў, санкцыі кожнага ўзроўню былі накладзеныя па пэўных прычынах, таму знятыя яны могуць толькі, калі прычынаў для іх існавання не застанецца.

«Мы вырашылі сёння, што мерай адмены санкцыяў будзе тэрытарыяльная цэласнасць (Украіны – заўв. «Белсату»)», – заявіла канцлерка прэсе на саміце ЕЗ 18 снежня.

Прэм’ер Вялікай Брытаніі Дэйвід Кэмэран загаварыў пра стан расейскай эканомікі і агучыў прыкладна тую ж думку, што і Ангела Мэркель:

«Нам трэба захаваць санкцыі да моманту, пакуль Расея не пачне змяняць свае паводзіны і не спыніць агрэсію ва Украіне».

Французскі прэзідэнт Франсуа Алянд быў больш мяккі ў выказваннях, але заўважыў, што зараз не найлепшы час, каб узнаўляць продаж узбраенняў у Расею, маючы на ўвазе пастаўку вайсковых караблёў.

Тым часам старшыня Еўрапейскага Савета Дональд Туск заўважыў, што Расея – доўгатэрміновы выклік, які патрабуе практычных і прагматычных контр-мераў, «вольных ад ідэалогіі».

ЗК, belsat.eu, паводле EUobserver

Стужка навінаў