Менск з арабскім каларытам, альбо Новы незразумелы інвестпраект у сталіцы


Бывай, стары знаёмы горад Менск! Прыйшлі арабскія шэйхі! У самым сэрцы сталіцы, у межах вуліцаў Янкі Купалы і Максіма Багдановіча, ужо разабраныя будынкі 2-га гарадскога шпіталю, і дайшла чарга і да помніка 1960-х – выставачнага цэнтру «БелЭКСПА», дзе ў свой час дэманстраваліся найлепшыя дасягненні Беларусі.

Каштоўны ўчастак па-над Свіслаччу ўжо двойчы аддавалі замежным інвестарам. І вось прыйшоў трэці: шэсць гектараў зямлі ўказам Аляксандра Лукашэнкі аддадзеныя кампаніі з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў «Kopaonik Property Investment». Адзін з гаспадароў кампаніі – Тахнун бін Заід ан-Наг’Ян. Медыі паведамлялі, што старэйшы сын беларускага кіраўніка Віктар Лукашэнка сябруе з сям’ёй шэйха. Таму не дзіўна, што арабскім інвестарам зямля ў цэнтры Менску была перададзеная без конкурсаў ды аўкцыёнаў.

«На жаль, у Беларусі ёсць кепская практыка, калі пад інвестпраекты за подпісам кіраўніка дзяржавы выдзяляюцца каштоўныя землі, якія праходзяць без грамадскага абмеркавання, без узгаднення планаў», – кажа актывіст кампаніі «Генплан – для мінчан!» Дзяніс Кобрусеў.

Пра тое, што на гэтым месцы паўстане шматфункцыянальны гатэльны комплекс, менчукі даведаліся, калі ўсё было ўжо вырашана. Згодна з дамовай, арабы мусяць захаваць і рэстаўраваць чатыры гістарычныя будынкі. Завершыць архітэктурны ансамбль палац, падобны да Палацу незалежнасці. Як усё гэта будзе спалучацца, сказаць цяжка.

«Дзе наш архітэктар Менску, скажыце, дзе? Глядзіш – такое будуюць! Адно з другім клеюць, клеюць, клеюць, а потым не атрымоўваецца. Ён толькі паперы падпісвае», – не можа зразумець менчук.

Жыхарка сталіцы агучвае сваё меркаванне:

«Няхай будуюць, канешне, але будуюць нешта такое, каб людзям было прыемна. І зеляніну каб захоўвалі».

Наступны мужчына, да якога звярнуўся з пытаннем «Белсат», кажа:

«Вопыт «Кемпінскага» паказвае, што ніхто не раіцца з насельніцтвам, ніхто не пытаецца яго меркавання».

Настроі менчукоў падзяляюць і спецыялісты.

«Мы згубілі гістарычны цэнтр на сёння, згубілі шмат панарамаў, мы зрабілі сабе, стварылі шмат вось гэтых транспартных вузлоў новых, дадатковых», – мяркуе Андрэй Ларын з Таварыства аховы помнікаў.

Вынік такой палітыкі можна пабачыць, зірнуўшы на абодва бакі планаванага арабскага навабуду. Гатэль «Кемпінскі» знішчыў гарманічны вобраз праспекту. Нямала скандалаў у грамадстве выклікаў і вядомы ў народзе «Дом Чыжа», які перакрыў панараму Траецкага прадмесця. Няма гарантыі, што новая будоўля не зробіцца чарговай недарэчнасцю на мапе гораду. Бо рашэнні пра яе прымаліся, як і раней, кулуарна.

Глядзіце таксама:

Таццяна Уласенка, belsat.eu

Стужка навінаў