Менчуку, які агаліўся перад калонай бранятэхнікі, пагражае 3 гады турмы


ГУУС Менгарвыканкаму паведаміла, што ў адносінах да мужчыны, які зняў з сябе штаны перад калонай вайсковай тэхнікі, распачатая крымінальная справа.

«24 чэрвеня падчас руху калоны вайсковай тэхнікі на рэпетыцыі параду на праезную частку выйшаў мужчына і агаліў палавыя органы. Сваймі дзеяннямі ён груба парушыў грамадскі парадак і выказаў відавочную непавагу да грамадства. Супрацьпраўныя дзеянні былі прыпыненыя супрацоўнікам сталічнай дзяржаўтаінспекцыі. У цяперашні час у дачыненні да грамадзяніна распачатая крымінальная справа па ч.1 арт.339 («Хуліганства») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь», – адзначаецца ў паведамленні ГУУС.

Мужчына затрыманы. Паводле ч.1 арт. 339 яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Інцыдэнт, відэа якога раней зʼявілася ў інтэрнэце, адбыўся недалёка ад парку Перамогі ў Менску.

Акрамя таго, міліцыя паведамляе і пра спыненне правапарушэння падчас чарговай рэпетыцыі параду 28 чэрвеня.

«Знаходзячыся ў стане алкагольнага апʼянення, грамадзянін выйшаў на праезную частку і паспрабаваў перашкодзіць руху механізаванай калоны ваеннай тэхнікі. Правапарушальнік прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па ч.2 ст.18.23 («Парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходам і іншымі ўдзельнікамі дарожнага руху або адмова ад праходжання праверкі (агляду)» КаАП Рэспублікі Беларусь», – паведамляе сталічная міліцыя.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары