Менчукі збіраюцца ўдзень і ўночы ахоўваць дрэвы ад высякання

video

У сталічным парку Котаўка, які мае ўнікальны ландшафт, збіраюцца знішчыць з паўсотні здаровых стогадовых дрэваў. Жыхары ваколіцаў даведаліся пра гэта праз абвесткі… наклееныя на дрэвах.

Плошчу парку вызваляюць пад будаўніцтва касцёлу, які паўстане ў раёне вуліцы Ізмайлаўская, 1-ы завулак Крыловіча ды вуліцы Меліяратыўная. Ініцыятыва належыць рэлігійнай абшчыне «Рыма-каталіцкая парафія святых апосталаў Пятра і Паўла і святога Жазэ дэ Мазэно». Паводле пробашча парафіі, работы будуць праводзіцца згодна з законам.

Паводле пробашча парафіі Дзмітрыя Занямонскага, пад знос патрапяць толькі чорныя таполі, якія не маюць каштоўнасці, а Самыя парафіяне адновяць парк новымі дрэвамі. Але мясцовыя актывісты лічыць, што запланаванае знішчэнне дрэваў парушае нарматывы. Да прыкладу, у перыяд з 16 красавіка да 15 кастрычніка высяканне забароненае, бо на дрэвах ёсць птушыныя гнёзды.

«Не хочацца, каб пераўтвараўся парк, а гэта зона адпачынку ў месца культу. Бо тады гэта будзе не парк, а тэрыторыя, пад кантролем касцёлу. Больш за тое: я баюся, пройдзе час, і гэты парк будзе абнесены заборам», – гаворыць мясцовы актывіст Віктар Барташэвіч.

З просьбаю правесці правяранне актывіст накіраваў зварот у пракуратуру Менску. Ён стварыў ініцыятыўную групу і намагаецца прыцягнуць да адказнасці працаўнікоў адміністрацыі Савецкага раёну – за невыкананне правілаў адносна правядзення грамадскага абмеркавання.

Мясцовыя жыхары не супраць будаўніцтва касцёлу, але за больш цывілізаванае стаўленне да зялёнай мапы свайго раёну. Паводле абвестак будаўніцтва пачнецца ўжо днямі. А гэта значыць, што ў жыхароў застаецца мала часу, каб ратаваць дрэвы. Цяпер яны збіраюць подпісы ды рыхтуюцца да кругласуткавай варты.

Таццяна Уласенка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары