Мельянцоў: За апошні год Беларусь вельмі актывізавалася ва «Усходнім партнёрстве»


Стварэнне зоны вольнага гандлю ўжо неактуальнае, а спрашчэнне візавага рэжыму можа адбыцца да канца года. Палітолаг Дзяніс Мельянцоў ацэньвае поспехі Беларусі ва «Усходнім партнёрстве».

Як сёння можна ацаніць актыўнасць Беларусі ва «Усходнім партнёрстве»? І куды Беларусь ідзе ў гэтым праекце? Журналіст «Белсату» Дзмітрый Гурневіч пагаварыў пра гэта са старэйшым аналітыкам Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Дзянісам Мельянцовым.

«Белсат»: «Белсат»: Два гады таму ў Вільні вы казалі, што на той момант Беларусь па сваёй актыўнасці была адною з самых запаволеных краінаў «Усходняга партнёрства» («УП»). Ці нешта змянілася за гэты час?

Дзяніс Мельянцоў: Насамрэч, так. Можна глядзець у двух планах. Першы, наколькі краіны «Усходняга партнёрства» рэалізуюць мэты і задачы, закладзеныя непасрэдна ва «УП», то бок збліжэнне з еўрапейскім заканадаўствам, набліжэнне да вольнага гандлю і г.д. Тут, канешне, Беларусь застаецца самай запаволенай. Але ў прынцыпе з-за таго, што Беларусь ніколі не дэкларавала жадання ўступіць у ЕЗ, краіна мае іншыя матывы. Але з іншага боку Беларусь вельмі моцна актывізавалася за апошні год. Напрыклад, нашая краіна вельмі актыўная ў сферы лічбавых рынкаў. Гэта адзін з цікавых праектаў у межах «УП»: распрацоўванне лічбавых рынкаў і аб’яднанне ўсіх гэтых краінаў постсавецкае шасцёркі з еўрапейскімі лічбавымі рынкамі.

«Белсат»: Таксама два гады таму вы вызначылі як мэты Беларусі – спрашчэнне візавага рэжыму з Еўразвязам, а таксама стварэнне зоны вольнага гандлю.

Дзяніс Мельянцоў: Пра зону вольнага гандлю можна сказаць адназначна – гэтай мэты больш няма. Бо Беларусь уступіла ў Еўразійскі эканамічны саюз. Што датычыць спрашчэння візавага рэжыму, то тут адбыўся значны прагрэс за апошні год. Бакі прыйшлі ўжо да адзінага практычна тэксту. Там, канечне, у апошні момант з’явіліся пэўныя нюансы: некаторыя краіны ЕЗ запатрабавалі, каб у беларускіх дыпламатаў былі біяметрычныя пашпарты. Такога патрабавання ў прынцыпе не было да іншых краінаў «Усходняга партнёрства». Таму цяпер крыху запаволілася праца ў падпісанні. Калі месяц ці два месяцы таму можна было сказаць, што тэкст будзе прынамсі парафіраваны, то цяпер, найхутчэй, гэтага сказаць немагчыма.

«Белсат»: Латвія хацела, каб гэтае пытанне было развязанае да канца яе прэзідэнтуры, да канца чэрвеня. Ці рэальны гэта тэрмін?

Дзяніс Мельянцоў: Думаю, тэрмін рэальны. Але гэтае пытанне палітычнае і залежыць ад таго, ці пойдзе беларускі бок на гэтую саступку з біяметрычнымі пашпартамі. Але паколькі ў беларускім грамадстве таксама ёсць такое чаканне гэтай дамовы, я думаю, што рэальна парафіраванне і падпісанне дамовы, мабыць, да канца года.

«Белсат»: Куды ідзе «Усходняе партнёрства»? Набірае актыўнасць ці наадварот?

Дзяніс Мельянцоў: Цяпер «Усходняе партнёрства» ў вельмі сур’ёзным крызісе. Бо сам рэгіён разваліўся: дзве краіны партнёрства – цяпер у ЕўрАзЭС. Для Азербайджану, напрыклад, таксама не стаіць пытання ўступлення ў Еўразвяз. Адпаведна, тыя метады і інструменты, якія выкарыстоўваюцца ва «Усходнім партнёрстве», цяжка дастасаваць да Азербайджану. І ёсць краіны, якія былі вельмі актыўныя ў плане далучэння да ЕЗ, як Малдова і Украіна. Але гэта краіны з канфліктам, з дапамогай якога на іх можа аказваць уплыў Расея. Таму «Усходняе партнёрства», думаю, будзе вельмі моцна рэфармаванае. Як вядома, цяпер запушчаная рэфармацыя еўрапейскай палітыкі суседства. І недзе ўвосень будзем ведаць, куды ж будзе рухацца «Усходняе партнёрства».

Стужка навінаў