Маці Аляксандра Коржыча: У выніках судмедэкспертызы няма ні слова пра пабоі


Маці 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча, якога 3 кастрычніка знайшлі павешаным на тэрыторыі вайсковай часткі ў Печах, не задаволена вынікамі судмедэкспертызы.

«Пасля неаднаразовых патрабаванняў мне паказалі вынікі судмедэкспертызы, – распавяла Медиа-Полесье Святлана Мікалаеўна, – Там ні слова пра пабоі на целе Сашы. Копію судмедэкспертызы мне на рукі даць адмовіліся, яе вынікі мяне не задавальняюць. І я буду настойваць на правядзенні паўторных экспертызаў, усе бачылі, што ён быў збіты».

Маці загінулага салдата між тым верыць, што следства ва ўсім разбярэцца: «Думаю, што будзе яшчэ паказальны суд і вінаватыя панясуць заслужанае пакаранне, каб ніколі такое ў нашым войску не паўтаралася».

«Перажываць смерць адзінага сына вельмі цяжка, пакутліва балюча. Аддаць у войска нармальнага, працавітага, прыгожага хлопца і атрымаць труну – гэта так узрушыла і забрала шмат сіл, здароўя не толькі ў мяне, але і ў родных, і блізкіх», – распавяла жанчына.

Нагадаем, 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Труп Коржыча знайшлі са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.

Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных спраў у дачыненні да вайскоўцаў па арт. 443 (дзедаўшчына), 455 (бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы), 209 (махлярства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У СК сцвярджаюць, што на целе 21-гадовага Коржыча не выяўлена цялесных пашкоджанняў акрамя баразны ад пятлі.

Па стане на 1 лістапада па крымінальнай справе аб гібелі Коржыча прад’яўлена абвінавачванне 10 вайскоўцам, яшчэ 5 (сярод іх – адзін афіцэр) знаходзяцца ў статусе падазраваных.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў