«Камандзір часткі сказаў маці: даруйце, так атрымалася». СК распачаў справу па факце смерці жаўнера


Па факце смерці ў Пячах 21-гадовага жаўнера тэрміновай службы Аляксандра Коржыча Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу па ч.3 арт. 443 КК (парушэнне ўстаўных правілаў узаемаадносінаў паміж вайскоўцамі пры адсутнасці стасункаў падначаленасці, што пацягнула за сабой цяжкія наступствы). Такім чынам СК фактычна прызнае, што смерць хлопца звязаная з дзедаўшчынай.

«У рамках расследавання правяраюцца ўсе магчымыя версіі пра прычыны і абставіны здарэння, у тым ліку аб здзяйсненні ў дачыненні да памерлага супрацьпраўных дзеянняў, нестатутных узаемаадносін, здольных прывесці да канфліктных сітуацый. Следствам прымаюцца ўсе захады да ўстанаўлення рэальнага становішча спраў з вайсковай дысцыплінай на тэрыторыі вайсковай часткі», – адзначаецца ў паведамленні СК.

Паводле папярэдніх дадзеных СК, прычынай смерці з’явілася механічная асфіксія ад сціскання шыі пятлёй ад рамня пры павешанні.

З сябрам загінулага жаўнера хоча пагутарыць КДБ

Тым часам маці Аляксандра Коржыча, якога 3 кастрычніка знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах, даслала ліст у адміністрацыю прэзідэнта і рыхтуе зварот у Генеральную пракуратуру з патрабаваннем правесці дасканалае расследаванне смерці яе сына і пакараць вінаватых. Пра гэта распавёў belsat.eu Сяргей – муж сястры Аляксандра Коржыча.

Сваякі ўпэўнены, што смерць Аляксандра – гэта не самагубства і не давядзенне да самагубства, бо на целе яны знайшлі шматлікія сінякі і параненні.

«Я лічу, што гэта было забойства», – кажа Сяргей.

Сваякоў да следчых пакуль не выклікалі, ніякіх размоў не праходзіла.

«Са сваякамі ніякіх следчых дзеянняў не праводзілася, ніхто нас не выклікаў. Але сябру Аляксандра Ілле, ведаю, тэлефанавалі з КДБ – сказалі, будуць выклікаць яго на гутарку. Я так разумею, яны таксама нейкую праверку праводзяць», – кажа Сяргей.

Чаму КДБ далучылася да праверкі факце смерці Аляксандра Коржыча, пры тым што справу распачаў Следчы камітэт, невядома. Сам сябар Аляксандра Ілля Казубоўскі пацвердзіў belsat.eu: яму тэлефанавалі з Камітэту дзяржбяспекі, але дэталі распавесці адмовіўся. Дадаў, што пра гэта яму казаць нельга.

Ілля таксама ўпэўнены – Коржыча менавіта забілі:

«Ен распавядаў, што ў Пячах адбываецца жах. Здзекваліся, білі, абражалі. Я магу дакладна сказаць, што яго забілі – калі мы яго пераапраналі ў яго было шмат сінякоў».

«У іх адна версія – суіцыд. Яны нават ні пра іншае і думаць не хочуць»

Сяргей разам з іншымі сваякамі ездзіў у вайсковую частку ў Пячах адразу пасля таго, як ім паведамілі пра смерць:

«Камандзір часткі, палкоўнік, сказаў маці – даруйце, так атрымалася. Выказаў спачуванні. У іх адна версія – суіцыд. Яны нават ні пра іншае і думаць не хочуць. А канкрэтна па абставінах нам ніхто нічога не тлумачыў. Вы ж разумееце, як гэта ў нас бывае… З хлопцамі з ягонага прызыву пагутарыць таксама не атрымалася… Я разумею, ім проста забараняюць», – кажа Сяргей.

Пахавалі Аляксандра Коржыча 5 кастрычніка непадалёк ад Пінску.

 

Ігар Ільяш, belsat.eu

 

 

Стужка навінаў