У вёску Салацце пад Горадняй, якая ўжо паспела праславіцца, як «вёска мастакоў», сёлета на пленэр «Арт-салат» з’ехаліся толькі жанчыны.
Дзевяць мастачак з усёй Беларусі цягам тыдня займаліся творчасцю, кожны дзень натхняючыся прыгажосцю наваколля. Агра-сядзіба Юрыя Рэмшы, які арганізаваў пленэр, знаходзіцца пасярод лесу, побач з ціхім возерам, не акупаваным, стомленымі ад летняй спёкі гараджанамі. Мы заехалі ў Салацце, каб паглядзець на працы, якія паўсталі на свежым паветры, а таксама даведацца, чаму ў гэтым годзе мастачкі адмовіліся ад кампаніі мужчын.
Як аказалася, цалкам жаночы пленэр не быў своеасаблівым актам фемінізму. Усе творцы – даўнія сяброўкі мастачкі Ніны Чураба, якая і сабрала ўсіх у Салацці.
«Тры гады запар тут былі мужчыны, якія рабілі розныя арт-аб’екты. І ў мяне ўзнікла ідэя, чаму б не зрабіць выключна жаночы пленэр. Я запрасіла сваіх сябровак з розных куткоў Беларусі. Пяць чалавек з Менску, дзве мастачкі з Берасця і дзве з Горадні. Усе вельмі душэўныя асобы і адначасова вельмі розныя. Да таго ж, паколькі няма мужчын, мы не адчуваем на сабе іх позіркі, не думаем пра тое, як мы выглядаем, таму адчуваецца поўная творчая свабода», – кажа спадарыня Ніна.
Як распавядае мастачка, у Салацці натхняе літаральна ўсё. Зранку гаспадар паставіў свежыя ружы на стол – да вечара нацюрморт гатовы. Нехта нарваў садавіны – хутка на палатне з’явяцца жоўтыя яблыкі і грушы. Вечарам лазня – раніцай карціна з выявай румяных, добра прапараных жанчын.
«Як мужчыны і жанчыны, таксама адрозніваецца нашае мастацтва. Кожны праяўляе сябе па-рознаму, як умее. Аднак адначасова мастацтва – гэта тое, што нас аб’ядноўвае», – дадае спадарыня Ніна.
Мастачка з Менску Алена Кароткая замест пейзажаў і нацюрмортаў, занялася барэльефам Леніна, які вісеў на сцяне аднаго з будынкаў агра-сядзібы.
«Гэта ўжо не Ленін, а індуісцкі бог Вішну, або нейкі іншы бог. Проста хацелася, каб замест насупленага твару камуністычнага правадыра, паўстала нешта прыгожае, яскравае і добрае. Такі своеасаблівы бажок для душы», – тлумачыць спадарыня Алена.
Побач са спадарыняй Аленай працуе яшчэ адна мастачка з Менску Анна Балаш. На яе палотнах вымалёўваюцца вельмі мілыя, казачныя лялькі, якія жывуць нейкім сваім жыццём.
«Проста ў мінулым я мастак лялек, таму гэтыя карціны вымалёўваюцца знутры мяне. Магчыма, каб скончыць з імі сваю прыгоду. Мы тут адарваныя ад вялікага свету. Навокал прырода, цудоўная кампанія. Аднак навіны ўсё роўна даходзяць з «вялікага свету». Сяджу тут, малюю і перажываю за сваіх сяброў, якія працуюць на TUT.by», – кажа спадарыня Анна.
Мастацкі пленэр «Арт-салат 2018» завершыцца 11 ліпеня. Некаторыя працы мастачак, а таксама мінулагоднія арт-аб’екты можна пабачыць у агра-сядзібе «Тры бабры» у вёсцы Салацце.
ПВ, belsat.eu