Мастакі і эколагі збіраюцца даказаць, што ў Менску ёсць вецер


Культурніцкі цэнтр «Корпус» і грамадскае аб«яднанне «Экадом» аб’ядналіся для стварэння ў Менску кінетычнай інсталяцыя «Лавец ветру».

Сродкі на гарадскі артэфакт збіраюць на краўдфандынгавай платформе «Улей».

«Мы ўпэўненыя, што «Лавец ветру» зможа стаць як мінімум новай зоркай інстаграму краіны, а як максімум – натхненнем для тых, хто не да канца ўпэўнены ў сваіх сілах. Захацець зрабіць нешта глабальнае без прамой выгады для сябе і давесці справу да канца – добры прыклад у эпоху меркантылізму», – пішуць арганізатары.

У размове з «Белсатам» удзельніца каманды «Корпусу» Ганна Дапшэвічутэ кажа, што апроч эстэтычнай функцыі інсталяцыя мае прадэманстраваць усім скептыкам наяўнасць у Беларусі ветру – і ягоную перспектыўнасць у энергетычным сектары.

«Ідэя падобных праектаў нарадзілася ў амерыканскіх мастакоў з арт-групы Poetic Kinetics. Праўда, іхныя інсталяцыі больш модныя, яны зробленыя з нанаматэрыялаў. Наш праект будзе зроблены з рыбалоўнай сеткі, да якой мы прымацуем бракаваныя этыкеткі. Улічваючы наш клімат, на зіму будзем яго, канешне, дэмантаваць», – кажа Дапшэвічутэ.

Арганізатары абяцаюць зрабіць з адкрыцця «Лаўца ветру» свята, якое будзе прысвечанае аднаўляльным крыніцам энергіі – ветру, сонцу і вадзе.

У выпадку поспеху кампаніі кінетычную скульптуру змантуюць у дворыку культурніцкага цэнтру «Корпус» па вуліцы Машэрава

На імпрэзе зайграюць «Papa Bo Selektah» і «Port Mone» (апошнія, зрэшты, свой апошні альбом запісалі выключна з дапамогай ветраной энергіі).

На сёння ў «Лаўца ветру» – 100 спонсараў, сабрана каля 30 % ад неабходнай сумы (агулам на матэрыялы, інструменты, мантаж, арэнду тэхнікі і канструктарскія разлікі патрэбна Br 6000). Дапамагчы праекту можа кожны яшчэ цягам чатырох дзён.

ДД

Стужка навінаў