Масква патрабуе пакараць Кіеў за забойства журналіста Анатоля Шарыя. Але ён жывы


Анатоль Шарый. Фота з «Вікіпедыі» / Westmclaren

Расейская дэлегацыя на канферэнцыі АБСЕ ў Варшаве на тэму правоў чалавека дапусціла памылку, якая звярнула ўвагу многіх палітыкаў і журналістаў ува Украіне.

«На міжнароднай канферэнцыі АБСЕ, прысвечанай свабодзе слова, прадстаўнік расейскай дэлегацыі ў выступе заклікаў пакараць Украіну за забойства Шарыя!», – напісала ў «Фэйсбуку» украінская журналістка Вольга Лень.

Журналістка засумнявалася, ці не рыхтуецца «новае злачынства Кіеўскай хунты».

Памылку заўважыў таксама прысутны на паседжанні гісторык і блогер Юрый Гудыменка.

Народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка ад Блоку Пятра Парашэнкі параіў Шарыю задумацца.

«Нашыя «суседзі», хутчэй за ўсё, не прозвішчы, а аркушы пераблыталі», – напісаў Ганчарэнка.

Паводле sharij.net, журналіста задумвацца «не збіраецца».

Скандальна вядомы блогер Анатоль Шарый збег з Украіны яшчэ ў часы Віктара Януковіча. Сцвярджае, што яго там пераследавалі за журналісцкую дзейнасць: Шарый – аўтар папулярнага відэаблогу, у якім выкрываў злоўжыванні ў органах улады, а пасля перамогі Еўрамайдану пачаў бязлітасна крытыкаваць цяперашнія палітычныя рэаліі ў сваёй краіне. У сваю чаргу, ува Украіне яго абвінавачваюць у педафіліі і інсцэнізацыі нападу на самога сябе.

Павел Шарамет – беларускі журналіст, які праз пераслед на радзіме спачатку працаваў у Расеі, а потым ува Украіне. Загінуў 20 ліпеня 2016 года ў выніку падрыву ягонага аўта.

ДД

Глядзі таксама
Каментары