Малодшая дачка прэзідэнта Узбекістану паведаміла пра інсульт бацькі


Іслама Карымава шпіталізавалі ў мінулую суботу з-за кровазліцця ў мозг, напісала Лола Карымава-Ціляева ў сваім Facebookʼу ды Instagram’е. Гэткую заяву яна вырашыла зрабіць, «каб пазбегнуць пагалосак».

Цяпер нязменны кіраўнік краіны знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленні. Лола Карымава дадала, што рабіць якія-небудзь прагнозы адносна яго будучага стану яшчэ рана. Між тым, у Ташкент прыляцелі замежныя лекары, якія лячылі яго раней і ведаюць гісторыю хваробы.

Ісламу Карымаву 78 гадоў. Ён займае пасаду прэзідэнта Узбекістану з сакавіка 1990 года. У сакавіку 2015 года яго ў чарговы раз пераабралі – ён атрымаў больш за 90% выбарцаў (каля 17,2 млн чалавек).

Іслам Карымаў трапіў у спіс «найгоршых дыктатараў планеты», які з 2002 года складае амерыканскі часопіс «Parade». Упершыню ў гэтым спісе ўзбекскі лідар зʼявіўся ў 2006 годзе, пасля жорсткага падаўлення хваляванняў у Андыжане. Таксама ён уваходзіць у спіс 50-ці сучасных дыктатараў планеты паводле рэсурсу planetrulers.com.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў