«Малады фронт» пастанавіў вярнуцца да былой актыўнасці


«Малады фронт» мае адраджацца як масавы рух. «Прыйшоў час рыхтаваць шырокі наступ у барацьбе за вольную, незалежную і беларускую Беларусь, Беларусь з Богам у сэрцы», – гаворыцца ў рэзалюцыі дзявятага з’езду міжнароднага грамадскага аб’яднання «Малады фронт», першая сесія якога прайшла 12 верасня ў Менску.

«Малады фронт» лічыць, што сёння беларускі моладзевы рух знаходзіцца на ўздыме, пра што сведчаць шматтысячныя канцэрты ў беларускім памежжы пад бел-чырвона-белымі сцягамі, папулярнасць вышыванак і курсаў беларускай мовы. «Гэта – і вынік працы ранейшых пакаленняў «Маладога фронту», і рэакцыя на расейскую агрэсію ва Украіне», – гаворыцца ў рэзалюцыі.

Разам з тым, адзначаюць яе аўтары, «сённяшні рэжым імкнецца знішчыць любую палітычную ды ідэйную крышталізацыю гэтага руху, так як разумее, што палітычна актыўная моладзь можа яго пахаваць». У сувязі з гэтым «Малады фронт» лічыць найважнейшай задачай «надаць ідэйнае, духоўнае, арганізацыйнае лідарства беларускаму моладзеваму руху», падаюць naviny.by са спасылкай на БелаПАН.

«Галоўны фронт сёння – супраць імперыі. Выявіць сетку крамлёўскіх структур у Беларусі, зберагчы моладзь ад атрутнай прапаганды, не даць разгарнуцца крымскім і данецкім сцэнарам. Менавіта «Малады фронт» закліканы каардынаваць антыімперскую дзейнасць сярод беларускай моладзі і ў незалежным грамадстве », – гаворыцца ў рэзалюцыі.

У сувязі з гэтым з’езд лічыць неабходным:

  • – арганізоўваць рэгулярныя сустрэчы моладзі для «каардынацыі абароны незалежнасці»;
  • – усталяваць цесны кантакт з патрыятычным заўзятарскім рухам, дапамагчы яму стаць «больш нацыянальна свядомым і палітычна дарослым», садзейнічаць яго юрыдычнай і інфармацыйнай абароне;
  • – злучыць сваю актыўнасць з хрысціянскім рухам, каб «мець моцны духоўны падмурак»;
  • – праводзіць акцыі – «лепш бяспечныя і разнастайныя», бо моладзь «рэагуе не на словы, а на справы».

Чытайце яшчэ >>> «Малады фронт» склаў спіс «Чорнай сотні» – груповак «расейскага свету» ў Беларусі

Другая сесія з’езду «Маладога фронту» прызначаная на 10 кастрычніка.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў