Маладафронтавец Пальчэўскі: пад псеўданімам «Артур» я падпісаў супрацу з КДБ


Сяргей Пальчэўскі

Актывіст «Маладога фронту», вядомы сваім актыўным удзелам у абароне Курапатаў, прызнаўся, што падпісаў дакументы аб патаемнай супрацы з КДБ.

У адкрытым лісце, апублікаваным у сацыяльных сетках, Пальчэўскі раскрывае падрабязнасці таго, як КДБ змусіла яго да супрацы:

«На першым жа допыце, на які мяне прывезлі ў цэнтральны апарат камітэту, я меў размову без адваката з двума гэбэшнікамі. Яны адразу пачалі патрабаваць, каб я распавядаў ім нешта па «справе патрыётаў». Я адмовіўся. Тады мяне пачалі шантажаваць.

Мне была выказана пагроза крымінальнага пераследу і дадатковага тэрміну за ДТЗ з маім удзелам. Справа ў тым, што сёлета ў лютым я, рухаючыся за стырном, збіў на пешаходным пераходзе жанчыну. Дзякуй Богу, ДТЗ абышлося без пераломаў, але пашкоджанні здароўю кваліфікаваныя як менш цяжкія і за гэта, пры жаданні пацярпелай, можа быць узбуджана крымінальная справа.

Таксама была агучана пагроза публікацыі нейкіх інтымных падрабязнасцяў аб маім асабістым жыцці. Па шчырасці сказаць, я і ня вельмі зразумеў, пра што вядзецца гаворка. Цяпер узгадваю, што за некалькі дзён да арышту мне грукаліся ў сетцы «Укантакце» невядомыя людзі і казалі мне, што ведаюць аб тым, што я гей ды прапаноўвалі мне адкрыцца ў «шчырай размове». Гэтых людзей я заблакаваў, але калі вычварэнцам з КДБ цікава, сёння я прызнаюся: я ня гей.

На завяршэнне мне пагражалі «пятушатнямі» ў зоне.

Зважаючы на шантаж і тое, што я ня вёў ніякай злачыннай дзейнасці, ня ведаю ніякіх сакрэтаў – я вырашыў даваць паказанні. Пасля таго, як мы паразмаўлялі прыватна, гэбэшнікі загадалі паўтарыць усё гэта пры адвакаце і далі мне на подпіс падпіску аб супрацы. Пад псеўданімам «Артур» я падпісаў супрацу з КДБ, разважаючы аб тым, што па вызваленні прызнаюся аб гэтым маім сябрам. І сёння я каюся ў гэтым учынку перад Богам і людзьмі. Калі нехта мяне асуджае за ўчыненае, я лічу, што кожны мае на тое поўнае права»

Глядзіце інтэрв’ю з Сяргеем Пальчэўскім пра абарону Курапатаў:

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары