Макей незадаволены Еўразійскім саюзам. Узровень узаемнага гандлю няўмольна падае


Міністр замежных справаў Беларусі заявіў, што Менск «не да канца задаволены» станам развіцця Еўразійскага саюзу. «Для нас Еўразійскі эканамічны саюз – гэта не проста забаўка, з якой пагуляўся і выкінуў», – заявіў Уладзімір Макей.

Афіцыйная статыстыка сапраўды сведчыць пра тое, што ў эканамічным плане Еўразійскі звяз не адпавядае спадзяванням, што ўскладалі ягоныя стваральнікі. За першыя чатыры месяцы бягучага году ўзаемны гандаль паміж краінамі Еўразійскага саюзу зменшыўся амаль на 27 %.

Змяншэнне ўзаемнага гандлю датычыць усіх асноўных таварных групаў: харчоў, сыравіны, хімічных прадуктаў, абсталявання ды вопраткі.

«Мы першапачаткова разлічвалі і планавалі наш удзел у гэтай арганізацыі з мэтаю, каб Беларусь атрымала максімальную аддачу і для краіны, і для народу. Надаль, сёння мы не да канца задаволеныя дзейнасцю гэтай арганізацыі», – заявіў Макей у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1».

Створаны ў студзені 2015 года саюз аб’ядноўвае Расею, Беларусь, Казахстан і Арменію. Ад пачатку стварэння дзейнасць Еўразійскага саюзу звязаная з шэрагам скандалаў і спрэчак, Афіцыйны Менск не раз спрабаваў дамагчыся ад Расеі прэферэнцыяў і крэдытаў узамен на ўступленне ў гэтае аб’яднанне.

Палітолаг: «Еўразійскі саюз – гэта хаўрус аўтарытарных лідараў, якім важна захаваць уладу»

Глядзі таксама >>>>>>> «Лукашэнка ў Еўразійскім звязе будзе роўны прэзідэнту Чачэніі»

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў