Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін плануе наведаць Магілёў 11 і 12 кастрычніка ў межах беларуска-расейскага Форуму рэгіёнаў.
Да ягонага прыезду ўлады наводзяць марафет, паведамляе Mspring.online.
Мясцовыя ўлады, каб падрыхтаваць горад да форуму, абвесцілі чатыры суботніка запар.
У сваю чаргу магілёўскія праваабаронцы Аляксей Колчын і Аляксандр Буракоў адмыслова да прыезду Пуціна падалі заяўку на правядзенне пікета на падтрыманне ўкраінскага палітвязня Алега Сянцова.
«Мне катэгарычна не падабаецца, што прыезд Пуціна ўспрымаюць у Магілёве як візіт суперзоркі. Пакуль яго тут будуць радасна вітаць і паслужліва паказваць горад, недзе ў расейскай калоніі пакутуе невінаваты чалавек, якога пасадзілі толькі за тое, што ён хацеў тэрытарыяльнага адзінства для сваёй краіны», – патлумачыў Аляксандр Буракоў.
Праваабаронцы не маюць ілюзіяў наконт таго, ці задаволіць Магілёўскі гарвыканкам заяўку. Яны мяркуюць, што ў дні правядзення Форуму рэгіёнаў горад будзе стэрыльным. Пры гэтым дадаюць, што не ўсе ў Магілёве цешацца з візіту Пуціна і палітыкі расейскіх уладаў у галіне правоў чалавека.
НМ, belsat.eu