Люк Бэсон - «Белсату»: «Калі мы не паставім чалавека на першае месца – мы ўсе загінем»


Былі «Зорныя войны» і «Аватар» а цяпер будзе «Валерыян і горад тысячы планетаў». Хаця насамрэч наадварот. Комікс, які натхніў Бэсона зняць кіно, стварылі задоўга да першых «войнаў».

Аўтары шматлікіх культавых навукова-фантастычных фільмаў пазычалі ідэі ў французаў. У Савецкім саюзе і пазней у Беларусі мы не ведалі гэтай гісторыі. У юнацтве я перачытаў дзясяткі (калі не сотні) навукова-фантастычных кніг. Я цішком ад мамы мяняў яе альбом з рэпрадукцыямі карцінаў на кнігу Пола Андэрсэна. Здзівіць мяне цяжка, але новы фільм Люка Бэсона ўціснуў мяне ў фатэль. Часам я нахіляўся да экрану і адкрываў рот ад здзіўлення, смяяўся і перажываў за герояў. Не супер герояў, бо фільм не амерыканскі. У ім не ўсё відавочна, не проста кепскія іншапланетнікі і добрыя людзі. Тут усё складаней і цікавей.

На наступны дзень пасля паказу фільму для журналістаў Люк Бэсон прыехаў у Варшаву. Апрануты ва ўсё чорнае, майстар зайшоў у кіназалю, сеў у фатэль і паклаў па падлозе пінжак. Засыпаў цукар у гарбату і пачаў адказваць на пытанні.

Як доўга Вы стваралі гэты фільм?

«Праца над фільмам пачалася 7 год таму. Гэта не той фільм, калі можна раніцай прачнуцца і сказаць: «О, давайце зробім «Валерыяна». Я думаў цягам трох год як зрабіць яго, бо гэтая гісторыя выглядала немагчымай для экранізацыі. Але я вельмі люблю гісторыю гэтых людзей. Людзей-перлінаў, якія жывуць у раі і іхны рай нішчаць. Гэта метафара сучаснасці».

Распавядзіце, чаму Вы абралі гэтых актораў? Напрыклад, піяніста Гэрбі Гэнкока?

«Большасць выбірае актораў паводле крытэраў, якія мне не цікавыя. Ці яны вядомыя, ці яны добрыя для рэкламы. Калі шчыра, для мяне важна, хто найлепшая асоба, каб выканаць ролю. Апошнім часам мы бачылі шэраг фільмаў з мегазоркамі, якія атрымлівалі па 20 млн. А фільмы былі няўдалымі. Трэба паспрабаваць знайсці найлепшую асобу для ролі і ты не памылісся. Нават калі часам яны не акторы – не важна. Гэрбі Гэнкок – бог музыкі. Ягоная роля не была для яго складанай. Ён добры, натуральны ў ёй».

Ці Rihanna хацела свабоды мантажу яе вялікага кліпу, які ёсць у фільме? Ці Вы далі ёй такую свабоду?

«Не, яна дала мне свабоду. Калі яна ўпершыню прыйшла на здымачную пляцоўку, то сказала «Я пачатковец». Яна каралева музыкі, але я працаваў з ёй як з акторкай і яна дазволіла мне выцягнуць з яе патрэбныя эмоцыі».

Чаму акторы амерыканскія, чаму няма французскіх актораў сярод галоўных герояў?

«Калі я выбіраю актора, то ніколі не пытаюся пра пашпарт. Я бяру іх таму што яны добрыя. Таму некаторыя амерыканцы, некаторыя англічане. Кара Дэлевін (Лорэлін) з Англіі, Rihanna з Барбадосу а Даган-Дагі – французы, яны выглядаюць як французы. Гэта мікс – там ёсць хлопец з Кітаю. Я выбіраю паводле таленту, а не паводле пашпарту. Ёсць значна больш добрых амерыканскіх і англійскіх актораў, чым французскіх. У іх рэальныя магчымасці, лепшая падрыхтоўка, але ў Францыі выдатныя тэхнікі».

Фільм неверагодна напоўнены гаджэтамі, тэхналогіямі. Мы назіраем за боем у двух вымярэннях адначасова. Гэта нешта цалкам новае. Што з прыладаў ці тэхналогіяў з фільму Вы б хацелі выкарыстоўваць у сваім жыцці?

«Просты адказ – канвертар. Таму што з ім можна быць неверагодна багатым. Ён табе дасць усё, што хочаш і ў тысячах экзэмпляраў. Але я таксама люблю касмічны карабель Alex, ён выглядае вельмі крута. Ты можаш падарожнічаць на ім куды хочаш«

Люк Бэсон прызнаўся нядаўна, што напісаў ужо другі сцэнар і працуе над трэцім. Негледзячы на тое, што невядома, ці першы фільм верне інвеставаныя грошы.

«Валерыян і горад тысячы планетаў» – самы дарагі неамерыканскі мастацкі фільм у гісторыі. На спецэфекты якія выдаткавалі 70% з больш 200 мільёнаў еўраў. І зняць яго мог толькі Бэсон. Для ягонай гэта рэалізацыя юнацкай мары.

Серыю коміксаў пра агента Валерыяна і ягоную сяброўку Лорэлін, якія дзейнічаюць у далёкай будучыні, стварылі 50 год назад у Францыі. Тады Бэсон хадзіў у школу і думаў стаць аквалангістам, як ягоныя бацькі. Менавіта тата пазнаёміў дзесяцігадовага Люка з коміксамі пра Валерыяна. І бацьку мэтр прысвяціў гэты фільм.

У фільме захаваны баланс паміж забавай, дынамікай ды палітыкай, прасочваюцца метафары з сучасным светам.

Як Вы для сябе тлумачыце, чаму адзін з герояў знішчае мільёны істотаў, гэта цяжкі выбар для яго, але ён гэта робіць. Ці ў сённяшнім свеце Вы бачыце такіх людзей – вайскоўцаў ці палітыкаў, якія здольныя знішчыць, можа не ўсю планету, але краіну?

«Я бачу падобныя гісторыі ў навінах кожны тыдзень. Нехта робіць эканамічныя ці палітычныя выбары супраць людзей і дзеля грошай. Мой герой змагаецца супраць кагосьці іншага, але побач ёсць планета, якую ён нішчыць пры нагодзе. Ён кажа: «На планеце нікога няма». Іншы герой кажа: «Там ёсць людзі». А ён адказвае: «Гэта дзікуны». Ягоная мэта – выйграць вайну. І мы бачым падобнае штодзённа. Сённяшняе грамадства змяніла парадак. Яно паставіла на першае месца грошы, а на другое людзей. Я думаю, мы губляем нашае грамадства, калі робім гэта. Людзі мусяць быць на першым месцы, а грошы, магчыма, на другім. Калі не паставім чалавека на першае месца – мы ўсе загінем».

***

Беларусь будзе адной са ста краінаў дзе пакажуць «Валерыяна і горад тысячы планетаў». Прэмʼера фільму ў кінатэатрах – 10 жніўня. Паглядзіце яго абавязкова, і, канешне, у 3D. Так прасіў Бэсон.

Тэкст і фота Сяргея Пелясы, belsat.eu

Стужка навінаў