Лёс «нармандскага фармату» і Менскіх дамоўленасцяў вырашыцца падчас саміту G7


Такое меркаванне выказаў дыпламат, былы прадстаўнік Украіны ў палітычнай падгрупе Трохбаковай кантактнай групы ў Менску Раман Бясмертны ў эфіры radiosvoboda.org.

«Канчатковую кропку паставыць у ліпені, калі ў Гамбургу збярэцца G7. Але асноўныя падзеі пачнуць разгортвацца пасля сустрэчы «вялікай сямёркі», – лічыць Бясмертны.

Саміт G7 пройдзе 26-27 траўня ў італьянскім горадзе Таорміна, што на востраве Сіцылія. Праз анексію Крыму Расея не мае права браць удзел у гэтым саміце, які раней праходзіў у фармаце G8.

«Нармандскі фармат» – перамовы па канфлікце на Данбасе пры ўдзеле Францыі, Нямеччыны, Украіны і Расеі.

Менскія пагадненні аб урэгуляванні сітуацыі на Данбасе паўсталі ў лютым 2015-га пасля перамоваў «Нармандскай чацвёркі». Яны прадугледжваюць спыненне агню, адвод цяжкіх відаў узбраення, правядзенне мясцовых выбараў у адпаведнасці з украінскім заканадаўствам, амністыю ўдзельнікам канфлікту, вызваленне і абмен палоннымі. Ніводная з гэтых умоваў дагэтуль паўнавартасна не была выкананая.

ЮВ, belsat.eu, паводле radiosvoboda.org

Стужка навінаў