Такую заяву кіраўнік Беларусі зрабіў 9 траўня, размаўляючы з ветэранамі на плошчы Перамогі ў Менску.
«Запомніце: у Беларусі ніколі ніхто святое не забараняў і забараняць не будзе», – адрэагаваў кіраўнік дзяржавы на пытанне адносна інфармацыі аб забароне прайсці па горадзе з партрэтамі сваякоў, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
Нагадаем, 7 траўня стала вядома, што Менгарвыканкам не даў дазвол на правядзенне акцыі «Бессмертный полк». У адказ на такое рашэнне арганізатары шэсця назвалі менскіх чыноўнікаў «нацыяналістамі», якія сімпатызуюць калабарантам.
8 траўня стала вядома, што «Русь маладая» пераканала Менгарвыканкам дазволіць акцыю «Бессмертный полк».
«Бессмертный полк» – міжнародная грамадская акцыя, якая праводзіцца 9 траўня ў 80 краінах свету. Падчас акцыі ўдзельнікі ідуць калонай і нясуць партрэты жаўнераў, якія ваявалі на баку СССР падчас Другой сусветнай вайны. У 2015 годзе ў акцыі браў удзел прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.
ЮВ, belsat.eu