Лукашэнка налічыў паўмільёна «дармаедаў»


Хто хлусіць – Лукашэнка ці ягоная статыстыка? Паводле афіцыйнае інфармацыі, у Беларусі – менш за 22 тысячы беспрацоўных. Аляксандр Лукашэнка называе лічбу 500 тысячаў – тых, «хто не заняты ў эканоміцы».

Як лічыць беспрацоўных?

Каб паказаць «прыгожую лічбу», некалькі гадоў таму беларуская статыстыка стала называць беспрацоўнымі выключна тых, хто зарэгістраваўся ў цэнтры занятасці. Пры гэтым выкарыстоўваецца вымярэнне беспрацоўя ў стасунку да «эканамічна актыўнага насельніцтва». Да таго ж, улады робяць усё, каб беспрацоўныя не ішлі ў цэнтры занятасці: гэта месячная дапамога менш за $ 15, абавязак браць удзел у «грамадска-карысных працах», кшталту прыбірання вуліцаў. А яшчэ інфармацыя пра вакансіі ў цэнтрах занятасці вельмі часта неактуальная.

«Я б запрапанаваў прэм’ер-міністру ці кіраўніку дзяржавы месяц пажыць на такую дапамогу. Думаю, мы б неўзабаве пабачылі вельмі стройных і падцягнутых Аляксандра Рыгоравіча і Міхаіла Уладзіміравіча (Лукашэнка і Мясніковіч, – belsat.eu)», – зазначае эканаміст Леанід Заіка.

Афіцыйныя лічбы атрымліваюцца сапраўды «прыгожыя». Паводле іх у Беларусі ўзровень беспрацоўя – 0,5 %. Напрыклад, у суседняй Польшчы гэты паказнік – каля 13 %.

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

Лукашэнка шукае дармаедаў

У панядзелак, як перадае БелТА, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў выпрацаваць захады, каб змусіць дармаедаў працаваць.

 «Як мне дакладваюць, каля 500 тысячаў нашых грамадзянаў не задзеяныя ў эканоміцы краіны. Хай 100 тысячаў – гэта хатнія гаспадыні і тыя, хто працуе на ўласным падвор’і. А 400 тысячаў чым займаюцца? За чый рахунак жывуць?» – запытаўся кіраўнік краіны ў сваіх чыноўнікаў.

Аляксандра Лукашэнку непакоіць тое, што гэтыя грамадзяне атрымліваюць бясплатную адукацыю, медычнае абслугоўванне, аплочваюць паслугі ЖКГ паводле тарыфаў, якія датуе дзяржава.

Дык хто тут дармаед?

На думку Леаніда Заікі, і лічба 500 тысячаў – яўна заніжаная. Эканаміст падкрэслівае, што толькі за мяжу на працу выехалі амаль мільён беларусаў. Лічба тых, хто застаўся і «карыстаецца дзяржаўным дабром», – таксама каля мільёна.

«Але называць іх дармаедамі нельга. Гэта людзі, што працуюць па-за сістэмаю, яны працуюць паводле законаў рынку, бо законы дзяржавы не даюць ім працаваць нармальна. Людзі, што працуюць удома, людзі, што працуюць за мяжою. А калі казаць пра бясплатную адукацыю – дык гэта абавязак дзяржавы: адукоўваць сваіх грамадзянаў, расціць новую генерацыю», – заўважае Леанід Заіка.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў