«Лукашэнка, Лукашэнка, дзе ты?» Апазіцыя зладзіла Народны сход на плошчы Свабоды

video

Замежнікі перад гатэлем «Еўропа» глядзелі на збор удзельнікаў здзіўлена – тая Беларусь, да якой яны прызвычаіліся, усё ж не месца, дзе людзі збіраюцца разам на вуліцах.

https://youtu.be/PyKCzv5QcR8

Зрэшты, калі госці краіны могуць з нечым параўнаць, то значная частка мінакоў глядзела не толькі са здзіўленнем, але і з насцярожанасцю. 23 верасня на заклік Мікалая Статкевіча на плошчу Свабоду прыйшлі каля тысячы асобаў.

На прыступках гарадской ратушы змясціліся выступоўцы. «Горад наш» – улавілі сімвалізм удзельнікі пікету. Прынамсі, да 11 кастрычніка. Гэта адчуваюць і палітыкі – было анансавана адразу два мерапрыемствы – 4 кастрычніка беларусаў заклікаюць прыйсці і пратэставаць супраць змяшчэння расейскай авіябазы, а 10-га зноў паспрабаваць арганізаваць сустрэчу з кандыдатам Лукашэнка. «Даць яму другі шанец» – як выказаўся Статкевіч, бо пасля ягоных выклікаў «Лукашэнка, Лукашэнка, дзе ты» ніхто з натоўпу не адгукнуўся.

Маладая дзяўчына паслухаўшы рэзкі выступ Статкевіча, перапытала ці сапраўды словы палітыка датычаць кіраўніка краіны. Наступнае яе пытанне было «І як ён яшчэ не сядзіць?» – «Толькі ж выйшаў, пасля такіх выступаў пяць год быў у турме» – супакоілі яе прысутныя.

Людзі пакрыху падыходзілі. Каля самой сцэны актыўна падтрымоўвалі кожны заклік палітыкаў, апроч хіба Анатоля Лябедзькі, які прасіў мужчынаў ехаць да цешчаў 11-га і не прыходзіць на выбары. З натоўпу нейкі мужчына актыўна яму супярэчыў – у яго не было не толькі жадання адведваць цешчу, але і хацелася прыйсці на плошчу.

Лідар АГП расцаніў гэта як правакацыю, а ўзяўшы наступным слова Статкевіч дыпламатычна заявіў, што ў кожнага тут свае погляды на тое, што рабіць у вечар галасавання, але галоўнае на само галасаванне не ісці. Пасля палітык усё ж дадаў, што не бачыць сэнсу ў плошчы, бо «ніхто з кандыдатаў не заявіў, што гатовы змагацца за перамогу».

Было некалькі бел-чырвона-белых сцягоў, праходзіўшая міма кампанія разважала, ці гэта польскія. Прысутнічала партыйная сімволіка АГП, са сцягам партыі быў заўважаны і былы падпалкоўнік Мікалай Казлоў, гэта ён выкрываў фальсіфікацыі выбараў у 2012.

У мітынгу ўдзельнічала не менш за трыста асобаў, паводле некаторых ацэнак – да тысячы. Гэта амаль не адрозніваецца ад мінулай сустрэчы – арганізатары папрасілі наступны раз прыводзіць трох-чатырох знаёмых, бо «пакуль міліцыя нас ахоўвае і такія сустрэчы магчымыя».

Хоць на арганізатараў міліцыя і склала пратаколы – супрацоўнікі ў форме прабіралася праз натоўп пад воклічы «Ганьба», праўда, здалёк не ўсё разумелі, каму гэта прысвячаецца. Праваахоўнікаў атакавалі бабулі, бадай самыя гаварлівыя ўдзельнікі сходу. Самі міліцыянты перад тым, як пайсці складаць пратаколы кансультаваліся тут жа, за вуглом, у людзей у цывільным. Агулам іх на мітынгу было некалькі дзясяткаў.

Было і многа актывістаў апазіцыі, выступіў вярнуўшыся з эміграцыі Вячаслаў Сіўчык. Яго сын хадзіў тут жа, браў у ўдзельнікаў інтэрвю. Севярынца пазнавалі нават мінакі. Збоку стаяў Зміцер Дашкевіч, выглядаў як у турэмнай робе пасля свайго вызвалення. Аказалася гэта не перформанс, ён толькі вярнуўся з працы – лідар «Маладога Фронту» валодае фірмай, якая збірае мэблю і сёння ён быў у самых што ні на ёсць турэмных штанах. «Ці будзе сёння Статкевіч рабіць рэвалюцыю, можа яму дапамагчы?», –  жартаваў Дашкевіч, але дапамагаць не стаў. Турэмную робу лепш насіць на волі.

У 50 метрах ад «сцэны» выступы палітыкаў у мегафон было чуваць горш, я пацікавіўся ў некалькіх людзей ці разумеюць яны пра што ідзе гаворка. «Даўно зразумела, мы тут не дзеля таго каб слухаць». Гэта агулам галоўнае ўражанне – беларусы адвыклі ад мітынгаў і мітынгаў з доўгімі прамовамі. Сёння выступы доўжыліся трыццаць хвілінаў і апазіцыя не сказала нічога новага.

Статкевіч абвесціў пра сканчэнне мітынгу, але людзі заставаліся каля Ратушы яшчэ з гадзіну – і размаўлялі не толькі пра палітыку: дзесьці проста планавалі выходныя, дзесьці моладзь расчароўвалася, што ніхто не заклікаў пайсці папіць піва, а нехта вырашаў пытанні пераезду. Абсалютна бытавыя размовы. То бок, ад мітынгаў стаміліся, а вось агульных сходаў, дзе можна сустрэць сяброў і аднадумцаў сапраўды не стае.

Іван Шыла, belsat.eu

Фота Дзяніс Дзюба

Глядзі таксама
Каментары