Літоўскі палітолаг: Шпіёнскія войны паміж Захадам і Усходам абвастраюцца


Электрыка з Літвы западозрылі ў супрацы з беларускімі спецслужбамі. Эксперты лічаць, што Беларусь можа сачыць за балтыйскай краінай па загадзе Расеі.

Замаўляюць расейцы, а шпіёняць беларусы?

У Літве шпіёнскі скандал: дваіх грамадзянаў падазраюць у шпіянажы. Адзін з іх мог шпіёніць на карысць Беларусі. Каментуючы гэтую гісторыю, брытанскі журналіст Эдвард Лукас, аўтар кніг пра шпіянаж у Расеі, заявіў, што Беларусь можа шпіёніць па загадзе расейцаў.

Палітолаг з Літвы Лаўрынас Касцюнас такое сцвярджэнне лічыць матываваным, бо за апошнія 10 гадоў Беларусь і Расея зрабілі амаль вайсковы альянс, які дзейнічае, як адзіная сіла. Іншы літоўскі палітолаг, Віктар Дзенісенка, таксама давярае меркаванню Лукаса. Ён лічыць, што краіны Балтыі, Беларусь і Расея зараз уяўляюць сабой нестабільны рэгіён. У пэўным сэнсе можна казаць пра абвастрэнне «шпіёнскай вайны» паміж Захадам, да якога адносяць і балтыйскія краіны, і Усходам – Расеяй разам з Беларуссю.

«Тое, што бачым мы, звычайныя гледачы і чытачы, толькі вярхушка айсберга, бо гэтыя войны не вядуцца ў адкрытую. З іншага боку, тое, што з’яўляецца ўсё больш і больш інфармацыі пра гэтыя тайныя войны, сведчыць аб тым, што яны абвастраюцца», – распавядае belsat.eu Віктар Дзенісенка.

Што беларускія чэкісты шукаюць у Літве?

Delfi.lt перадае словы палітолага Віціса Юрконіса, які кажа, што Літва цікавая ўладам Беларусі па многіх прычынах – пачынаючы ад эканомікі і энергетычных праектаў і заканчваючы дзейнасцю беларускай апазіцыі ў літоўскай сталіцы.

Літовец, які падазраецца ў шпіянажы на карысць Беларусі, працаваў на прадпрыемстве «Oro navigacija», што з’яўляецца адзіным у краіне пастаўшчыком паслугаў паветранага злучэння, сувязі, навігацыі і назірання. Па дадзеных Генпракуратуры, ён фатаграфаваў у сваім кабінеце дакументы і перадаваў здымкі Галоўнаму выведчаму ўпраўленню Генштабу Узброеных сілаў Беларусі. Але працаваў ён, як высвятляецца… электрыкам. І нават кабінета свайго не меў, сцвярджаюць у «Oro navigacija». На што Лаўрынас Касцюнас не здзіўляецца:

«Калі рабіць нейкія фотаздымкі – то навошта яму кабінет? Калі ён уваходзіць у зоны, дзе прылятаюць і адлятаюць самалёты, то можна здымаць і, як я разумею, кабінет для гэтага не патрэбны. Думаю, што яны (бел.спецслужбы – заўв. «Белсату») узялі звяно, чалавека, які нават аб’ектыўна не мог рабіць гэта. Але ў гэтай справе так і бывае – не ўсё можна лагічна патлумачыць».

Віктар Дзенісенка кажа, што праз электрыка з «Oro navigacija» беларуская выведка магла шукаць інфармацыю пра магчымыя палёты місіі НАТО ў Літве. Але ўсё гэта толькі здагадкі, падкрэслівае палітолаг:

«Можна меркаваць, што чалавек, які падазраецца ў сувязях з беларускімі спецслужбамі, магчыма, валодаў нейкай інфармацыяй, якая была складнікам чагосьці цэлага. Пра што цэлае мы гаворым, цяжка сказаць».

Па другім падазраваным у шпіянажы Генпракуратура і Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы інфармацыі не даюць, кажуць толькі, што расследаванне ў дачыненні да яго скончыцца цягам некалькіх тыдняў або месяцаў.

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў