«Народны альбом»: больш за 1000 гледачоў не адпускала артыстаў


Найлепшыя моманты канцэрту «Народнага альбому» у фотаздымках

«Азохен вей! Значыць, будзем бавіцца да рана? Што зробіш? Такі шабат!», – Аляксандр Памідораў размаўляе з публікай, якая не хоча разыходзіцца.

Канцэрт «Народнага альбому» у Менску

І гэта не дзіва: многія купілі квіткі на мюзікл «Народны альбом» за чатыры месяцы да менскай прэм’еры.

На плячах у 47-гадовага Змітра сядзіць сын. Адам Францішак уважліва ўслухоўваецца ў словы песні «Два польскіх шпіёны», а пад «Настаўніка Рагойшу» пускаецца ў скокі каля бацькі.

Зміцер ведае «Народны альбом» амаль з моманту ягонага з’яўлення: спачатку круціў зборнік у машыне на касеце, пасля на кружэльцы.

«Мне хацелася, каб сын пачуў добрую музыку», – кажа Зміцер. – «Тая, што мы слухаем у дзяцінстве, пасля істотна ўплывае на чалавека».

У ягоным дзяцінстве песні былі з большага савецкія, а з беларускімі сутыкаўся толькі летам у вёсцы ў бабулі.

Канцэрт «Народнага альбому» у Менску

З дзіцёнкам прыйшла ў Prime Hall і маладая сям’я Яўгеніі і Дзяніса: немаўля мірна спіць у слінгу ў мамы. Жанчына ўпершыню пачула «Народны альбом», калі вучылася ў 8 класе. Квіткі на канцэрт ёй падаравалі сябры на дзень народзінаў.

Для сталага сужэнства Галіны і Валянціна мюзікл – таксама падарунак. Іх дзеці паклалі квіткі пад ялінку на Новы год. Спадарыня Галіна любіць творчасць Лявона Вольскага. Гады тры таму яна даведалася «Простыя словы». Аказалася, што песня з цэлага «Народнага альбому»!

Канцэрт «Народнага альбому» у Менску

Апошні раз у Менску жывое выкананне легендарнай складанкі адбылося 10 год таму. Пасля былі «чорныя» спісы, забароны музычных падзей… Наш тэлеканал ажыццявіў ідэю, якая проста лётала ў паветры: паставіць паводле «Народнага альбому» мюзікл ды зрабіць прафесійны запіс. Актуальнасць задумы пацвердзіў аншлаг на прэм’еры ў Падляшляскай оперы ў верасні ды ўжо камерцыйны канцэрт у Prime Hall. Прададзена больш за 1000 квіткоў!

Кандыдат сацыялагічных навук, каардынатар «Лятучага ўніверсітэту» Таццяна Вадалажская – даўняя фанатка «Народнага альбома». Яна была на многіх канцэртах за ўсю гісторыю праекта. Таццяна ездзіла на прэм’еру мюзікла ў Беласток ды прыйшла зноў паслухаць любімыя песні ў Менску. Яна лічыць, што цяпер было менш спектакля і больш канцэрта. Таццяне гэта спадабалася, бо слухаючы музыку ці разглядаючы касцюмы і шоу, можна ўпусціць, бадай, самы важны сэнс «Народнага альбому».

«Іронія, драматызм, роздум, весялосць. Тут ёсць шмат эмоцый, якія ты прымерваеш на сябе. Праз простае і складанае перажываеш пошук сябе. Хто мы ёсць? «Народны альбом» адпавядае пастаяннаму запыту на нашу ідэнтычнасць. Адказу няма – і гэта вельмі добра! Знайсці сябе – гэта заўсёды рух. «Я стаю на мяжы. Я iду па нажы. Божа, дапамажы захаваць раўнавагу» – гэта самая філасофская песня альбому», – мяркуе Таццяна Вадалажская.

Арганізатар Уладзімір Шаблінскі назіраў з-за кулісаў: усе песні ён шмат разоў чуў на рэпетыцыях. Мы размаўляем у калідоры клубу на канапе. Паміж песнямі Лявон Вольскі ды Аляксандр Памідораў бегаюць праз нас у грымёрку пераапранаць сцэнічныя касцюмы.

Канцэрт «Народнага альбому» у Менску

«Пасля канцэрта важны фідбэк: грамадскі і палітычны. Якім будзе запыт грамадства? Безумоўна, хочацца паказаць мюзікл у рэгіёнах. Магчыма, у меншым складзе, бо ў тэхнічным плане «Народны альбом» цяжкі», – гаворыць Уладзімір Шаблінскі.

Пасля фінальнай песні, натуральна, ніхто не спяшаўся ў гардэроб. Плясканне з тупаценнем трэсла сцены і падлогу, пакуль не пачуўся каларытны акцэнт вобраза Аляксандра Памідорава:

«А што вы не разыходзіцеся? Вам дома няма чаго рабіць? Вы прыехалі з Маладзечна? З Чашнікаў? З Койданава? А з Кёнінсберга хто-небудзь ёсць?»

Кася Камоцкая, Вераніка Круглова, Зміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі, Аляксандр Памідораў, аркестр, бэк-вакалісткі, якія выйшлі ўжо басанож, спелі на біс «Край, ты мой край!» ды, канешне, «Простыя словы». Апошнюю – хорам, разам з танцпляцам, гледачамі за столікамі ды vip-гаўбцом.

Х.М., belsat.eu

Канцэрт «Народнага альбому» у Менску
Канцэрт «Народнага альбому» у Менску
Канцэрт «Народнага альбому» у Менску
Канцэрт «Народнага альбому» у Менску
Канцэрт «Народнага альбому» у Менску
Канцэрт «Народнага альбому» у Менску
Канцэрт «Народнага альбому» у Менску
Канцэрт «Народнага альбому» у Менску
Канцэрт «Народнага альбому» у Менску
Канцэрт «Народнага альбому» у Менску
Канцэрт «Народнага альбому» у Менску
Канцэрт «Народнага альбому» у Менску
Канцэрт «Народнага альбому» у Менску
Канцэрт «Народнага альбому» у Менску
Канцэрт «Народнага альбому» у Менску
Канцэрт «Народнага альбому» у Менску
Канцэрт «Народнага альбому» у Менску
Канцэрт «Народнага альбому» у Менску
Канцэрт «Народнага альбому» у Менску

Фотарэпартаж Belsat.eu з канцэрту культавага праекту.

24 лютага ў Менску адбыўся доўгачаканы канцэрт «Народнага альбому», прысвечаны 20-годдзю праекту.

Таксама прапануем вам паглядзець відэазапіс з канцэрту:


Менскі канцэрт адбыўся пры падтрымцы Польскага Інстытуту ў Менску ды Інстытут Адама Міцкевіча.

Мэтай Culture.pl, вядучай маркі Інстытуту Адама Міцкевіча, з’яўляецца прамоцыя Польшчы ды польскай культуры за мяжой. Пад маркай Culture.pl прэзентуюцца высакаякасныя ініцыятывы і падзеі, звязаныя з музыкай, дызайнам, літэратурай альбо тэатрам. Партал Culture.pl – інфармацыйны сэрвіс, які штодня паведамляе пра цікавыя падзеі польскай культуры ў цэлым свеце. Гэта таксама найбольш рознабаковая крыніца ведаў пра польскую культуру.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў