Лекар, які паставіў Лукашэнку дыягназ, працуе ў зоне АТА


Дзмітрый Шчыгельскі стаў вядомы пасля таго, як у 2001 годзе апублікаваў артыкул «Гісторыя хваробы Аляксандра Лукашэнкі», у якім апісаў «мазаічную псіхапатыю» кіраўніка Беларусі.

Адразу пасля публікацыі псіхіятр разам з сям’ёй быў вымушаны з’ехаць з Беларусі – улады пагражалі, што «зловяць яго нават у джунглях Амазонкі». Дзьмітры Шчыгельскі атрымаў палітычны прытулак у ЗША. Гэтым летам ён прыехаў валанцёрам на Данбас, каб разам з іншымі медыкамі стварыць пункт псіхіятрычнай дапамогі для вайскоўцаў і мясцовых жыхароў.

У размове з Радыё Свабода доктар Шчыгельскі сказаў, што ў зоне АТА ён ратуе жыцці, не зважаючы на тое, на чыім баку змагаліся параненыя, і што лічыць вылучэнне Мікалая Статкевіча адзінай разумнай тактыкай у чарговай прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі.

– Як даўно вы ў зоне АТА і што прымусіла вас прыехаць туды з Амерыкі?

– Ва Украіну я прыехаў 24 чэрвеня, а 27 ужо працаваў на Данбасе, у складзе Першага добраахвотнага мабільнага шпіталя імя Міколы Пірагова. Гэтым разам застануся тут да канца жніўня, але калі будзе неабходнасць, то не выключаю, што вярнуся сюды яшчэ.

Я прыехаў у зону АТА без зброі, каб працаваць у медычнай структуры. Справа ў тым, што з Першым добраахвотным мабільным шпіталем працуюць беларусы, у тым ліку стваральнік ініцыятывы «Гуманітарны маршрут Беларусь – АТА» гамяльчук Андрэй Стрыжак. Беларусы моцна дапамагаюць у матэрыяльна-тэхнічным плане. За грошы, якія сабралі беларускія валанцёры, ужо набылі дзве машыны, цяпер ідзе збор на трэцюю. Я лічу, што для беларусаў вельмі важна ў будучыні мець добрыя стасункі з украінцамі, таму трэба дапамагаць у такіх сітуацыях. Я – чалавек невайсковы, але магу дапамагчы, выкарыстоўваючы тую адукацыю, якая ў мяне ёсць. Таму я раблю, што магу, – працую лекарам-псіхіятрам.

– Каму ў зоне АТА неабходная такая дапамога?

– Найперш, вайскоўцам. А таксама мясцоваму насельніцтву, якое таксама звяртаецца па дапамогу. У нас класічная псіхіятрычная служба – кансультаванне, прызначэнне медыкаментаў, а таксама псіхатэрапеўтычная дапамога ў выглядзе гутарак з пацыентамі. Мы аказваем дапамогу ўсім параненым – ня толькі байцам украінскай арміі, але і тым, хто змагаецца на іншым баку. Ратуем жыцці.

– Аддзяленне псіхіятрычнай дапамогі ў шпіталі імя Пірагова створана пры вашым удзеле?

– Гэтае аддзяленне ўтварылася выпадкова. Спачатку я ехаў сюды працаваць у эвакуацыйную брыгаду. Калі прыехаў у Данецкую вобласць, то сустрэў тут яшчэ адну лекарку-псіхіятра, яна з Украіны. З улікам таго, што ў вайскоўцаў была патрэба ў дапамозе псіхіятраў, было прынятае рашэнне накіраваць нас не на эвакуацыю ў батальёны, а ў адмысловае аддзяленне ў шпіталі.

– Якая рэакцыя ў вашых пацыентаў, калі яны ўведваюць, што вы беларус?

– Вельмі добрае стаўленне. Большасць рэагуе вельмі добра, але некаторыя здзіўляюцца, бо раней не сутыкаліся з беларускімі лекарамі-валянтэрамі. Але я далёка ня першы беларус, з якім сутыкаюцца вайскоўцы. Тут шмат беларусаў бяруць удзел у батальёнах. Раней гэта было прасцей, а цяпер тыя, хто ня мае ўкраінскага грамадзянства, вымушаныя далучацца да «Правага сектару» – структуры, якая дае магчымасць браць удзел у змаганні неўкраінцам.

– Вы ўжо доўга жывяце ў ЗША. Распавядзіце, чым вы там займаецеся і якім чынам падтрымліваеце сувязі з Беларуссю?

– Я падтрымліваю вельмі сурёзныя сувязі з Беларуссю, за мяжой сустракаюся з лідарамі апазіцыі. Я – дырэктар і адзін з заснавальнікаў арганізацыі «Беларусы ў выгнанні», мы супрацоўнічаем з ньюёркскай беларускай арганізацыяй «Пагоня», а таксама з Беларуска-амэрыканскім задзіночаннем, працуем з беларускай і ўкраінскай дыяспарамі. Гэта мая грамадская дзейнасць. Апроч гэтага ў ЗША я маю невялічкі бізнес, звязаны з фармакалогіяй.

– Вы з’ехалі ў выгнанне, бо публічна паставілі дыягназ прэзідэнту Беларусі. Цяпер ён вылучае сваю кандыдатуру на пяты тэрмін. Як вы можаце гэта пракаментаваць?

– Гэты факт не выклікае ў мяне ніякіх эмоцыяў. Ніякіх сумненняў з таго, моманту, калі я 15 гадоў таму ставіў дыягназ Аляксандру Лукашэнку, у тым, што ён будзе трымацца за ўладу да апошняга, у мяне няма. Таму ніякага сюрпрызу. Як было, так і засталося. Я перакананы, што ў Беларусі няма выбарчай кампаніі. Гэта ня выбары, а псеўдарэлігійны рытуал сакралізацыі асобы, якая такім чынам атрымлівае магчымасць працягнуць свае паўнамоцтвы.

– Атрымліваецца, што патэнцыйныя кандыдаты, сярод якіх ёсць апазіцыйныя, удзельнічаюць у гэтым рытуале…

– Сярод іх я вылучаю толькі аднаго – Мікалая Статкевіча. Калі казаць пра Мікалая Статкевіча, то гэта асобны выпадак. Я лічу, што гэта адзіная тактыка, якая рэальна мае сэнс. Усё астатняе – імітацыя. Імітацыя як з боку ўлады, так і з боку кандыдатаў. Я перакананы, што адзіная тактыка, якая мае сэнс, – гэта вылучэнне Міколы Статкевіча.

belsat.eu паводле svaboda.org

Стужка навінаў