Леанід Кучма: Пуцін баіцца сапраўднай вайны


Былы ўкраінскі прэзідэнт лічыць, што Крэмль не пойдзе на адкрыты канфлікт з Украінай і будзе працягваць гібрыдную вайну.

«Расея не пойдзе на адкрыты ўвод свайго войска ва Украіну. Яны ж дагэтуль не прызнавалі, што іх рэгулярная армія бярэ ўдзел (у гэтым канфлікце – заўв. рэд.). Сёння нават дурань разумее, што без расейскіх вайскоўцаў усе гэтыя падзеі не адбыліся б», – заявіў 21 студзеня ў Леанід Кучма.

Экс-прэзідэнт назваў масавы наступ прарасейскіх баевікоў і расейскіх жаўнераў спробай ціску на Украіну і яе саюзнікаў.

«Гэта ціск. У першую чаргу на Украіну, каб мы пагадзіліся з тымі ўмовамі, якія высоўвае Расея. Гэта і ціск на еўрапейцаў ды ЗША, маўляў: глядзіце, я не спынюся, пакуль вы не прымеце мае ўмовы», – падкрэсліў былы кіраўнік Украіны.

21 студзеня падчас эканамічнага форуму ў Давосе дзейсны прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што на тэрыторыі самаабвешчаных рэспублік знаходзіцца 9000 расейскіх жаўнераў і 500 танкаў.

«Калі гэта не агрэсія, то што тады лічыць агрэсіяй?», – запытаўся ў прысутных у зале кіраўнік Украіны.

Генеральны сакратар НАТА Енс Стольтэнберг заклікаў кіраўніцтва Расеі вывесці сваё войска з усходняй Украіны і з павагай ставіцца да Менскага мемарандуму.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары