Куды цячэ рака дзяржаўных мільярдаў, прызначаных на «Дажынкі»

video

https://www.youtube.com/watch?v=wCKsdyidXeQ

«Дажынкі» – прывядзенне беларускіх гарадоў у парадак або марнаванне грошай? Гэтае пытанне турбуе шмат каго. Да прыкладу, у Рэчыцы, што ў Гомельскай вобласці, да свята, якое адбылося тут у 2007 годзе, пабудавалі «Альпійскую горку», але хапіла атракцыёну на 4 гады. Чаму?

«Улічваючы, што гэты атракцыён зʼяўляецца адзіным у нашым горадзе. Мяне гэта хвалюе, як маму, у якой двое дзяцей. З гэтай нагоды наспела шэраг пытанняў: за чый кошт вядзецца ахова дадзенага абʼекту, за чый кошт аплачваецца зямельны падатак, падатак на нерухомасць, за электраэнергію?», – зазначае Іна Манянкова, рэчыцкая сацыял-дэмакратка.

Патрабаваць рамонту атракцыёну жыхары райцэнтру пастанавілі ад мясцовых чыноўнікаў: неўзабаве распачнецца збор подпісаў.

«У нас была адна горка і тое яна зламалася па невядомых мне прычынах. Была вельмі добрая горка – нямецкая. Зламалася і было вельмі крыўдна», – дзеліцца малады хлопец.

«Нашым дзецям наагул няма дзе гуляць. Тут у нас ні атракцыёнаў – нічога. Нават у парку – там чыста каруселі і нават горачкі для малых, а вось для больш дарослых дзяцей пайсці няма куды», – скардзіцца жыхарка Рэчыцы. «Сэнсоўнага нічога няма, можна сказаць. З дзіцячага парку нічога не засталося. Прайсціся з дзецьмі наагул няма куды, акрамя набярэжнай і дзіцячага парку», – рапавядае міначка.

Каб высветліць, ці плануецца рамонт гэтак неабходнага жыхарам атракцыёну, мы патэлефанавалі ў Рэчыцкі райвыканкам, аднак пракаментаваць сітуацыю супрацоўніца дзяржаўнай установы адмовіліся.

– Алё, добры дзень, Святлана Генадзьеўна! Я тэлефаную да вас з беларускага тэлебачання Белсат. Вы можаце адказаць на пару пытанняў?
– Не не магу.
– А чаму?
– Няма такога тэлебачання.
– Ёсць такое тэлебачанне.
– Да? А я не ведала такога тэлебачання.
– Я магу вам даслаць адрас на эмейл, каб вы маглі паглядзець нас.
– Я не ведаю такога тэлебачання.
– Гэта значыць, вы адмаўляецеся даваць каментар?

Рэчыца – не адзіны прыклад марнавання бюджэтных сродкаў на «Дажынкі». Штогод на рыхтаванне да свята ідуць мільярды рублёў, але будова новых абʼектаў ды рамонт старых часта праходзяць аўральнымі тэмпамі. Пры гэтым якасць пакідае жадаць лепшага.

«Гэта ўсё піяр і паказуха. Фарбаваныя дахі, якія змываюцца дажджом праз тыдзень ці два. Гэта робіцца для таго, каб паказаць вонкавы выгляд – паказуху. Ўкласці вялікія сродкі, якія ніколі не вяртаюцца дзяржаве», – мяркуе Алег Шыбетнік, мясцовы сацыял-дэмакрат.

Сёлета ж «Дажынкі» пройдуць у Драгічыне, на Берасцейшчыне. Як прызнаюцца кіраўнікі вобласці, на рыхтаванне гораду да свята дзяржава выдаткуе Br 62 млрд.

Кацярына Ерусалімская, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары