Крыкі «Ганьба!» і заяўка пра гатовасць ісці ў прэзідэнты – на Кангрэсе за незалежнасць


У Менску прайшоў Усебеларускі кангрэс за незалежнасць, у якім узялі ўдзел 63 дэлегаты.

На імпрэзе прысутнічалі былы кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў, тэлевядоўца Зінаіда Бандарэнка, літаратуразнаўца Арсень Ліс, былы палітвязень Сяргей Каваленка, мастак Аляксей Марачкін, паэт Анатоль Вярцінскі, падае «Наша ніва».

Вядоўца Кангрэсу Алег Трусаў адразу ж сказаў: «Наша мэта – сабраць 1 мільён подпісаў. Калі збяром, то будзем упэўненыя, што Беларусь застанецца, што мы не прахадны двор і не частка Расейскай імперыі. Па нашых падліках, за незалежнасць гатовыя падпісацца 2-2,5 мільёны чалавек».

Аляксандр Мех з Кобрына на Кангрэсе за незалежнасці сказаў, што яго гатовыя падтрымаць у якасці кандыдата ў прэзідэнты прадпрымальнікі Кобрына і Менску. А сам ён усурёз разглядае такую магчымасць. Мех заклікаў удзельнікаў Кангрэсу падтрымаць яго ў якасці кандыдата. Ён казаў, што сённяшняя апазіцыя дэградавала. І замест таго, каб працаваць з людзьмі яна ездзіць па Бруселях. Пару дзясяткаў чалавек сустрэлі заявы Меха апладысментамі, але большасць усё ж маўчала.

Аляксандр Мех да звальнення працаваў інжынерам на прадпрыемстве «Белтрансгаз» у Кобрыне.

«На вялікі жаль, на Кангрэсе было мала маладых людзей. Перадусім былі людзі сталага ўзросту, а таму не хапала жывасці і непасрэднасці», – піша «Наша ніва».

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Выступоўцы, сярод якіх быў Мечыслаў Грыб, Радзім Гарэцкі, Рыгор Кастусёў, прамаўлялі перадусім не па дакументах Кангрэсу, а хутчэй пра сваё набалелае. Калі Алег Трусаў вырашыў спыніць «гаварыльню», з залі пачулася «Ганьба!». Прадстаўніца ТБМ Алена Анісім абсекла гэта досыць хутка: «Прабалбочам краіну».

Напрыканцы адбылося ўрачыстае падпісанне «Маніфеста ў абарону незалежнасці Беларусі». У першапачатковы тэкст былі ўнесеныя невялікія праўкі ад Зянона Пазняка, Рыгора Кастусёва і Ніла Гілевіча. Канчатковы тэкст будзе апублікаваны пазней.

Паводле Змітра Панкаўца, nn.by

Стужка навінаў