Косаўскі палац адчынілі для турыстаў пасля 9 гадоў рэканструкцыі

photo

Косаўскі палац, сучасны выгляд. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Што чакае наведніка ўнутры?

Рэканструкцыя палацу Пуслоўскіх у Івацэвіцкім раёне пачалася яшчэ ў 2008-м годзе за кошт дзяржаўнага і абласнога бюджэту. Першапачаткова планавалася зладзіць некалькі музейных залаў, зрабіць гатэльныя нумары і кавярню. Цягам дзевяці гадоў удалося адрамантаваць вонкавую частку палаца, вежы, паставіць вокны і вітражы, упарадкаваць прызамкавы ландшафт, каб сёння кожны ахвотны мог наведаць былы палац.

Родавая сядзіба Тадэвуша Касцюшкі, якая знаходзіцца побач з палацам. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Ад былой велічы толькі дробныя парэшткі

Першае, што ўражвае, калі ўваходзіш у будынак, колькасць святла, звычайна не характэрная для замкаў. Пакоі і вокны былі пабудаваны такім чынам, што кожныя два дні ў годзе, адзін з пакояў быў цалкам заліты сонечным святлом. Са 132-х пакояў, кожны меў сваю назву і сваё раскошнае непаўторнае ўпрыгожанне.

У Белай зале балявалі, у Чорнай гулялі ў карты, у Ружовай гралі музыкі. Былі таксама Сіняя, Срэбная, Залатая, Шкляная, Люстэркавая і іншыя залі. Кожную з залаў упрыгожвалі дэкаратыўныя коміны, карціны, фрэскі, скульптуры, мармур і дываны. Палац акаляў парк, дзе раслі больш за 150 гатункаў экзатычных раслін.

Фрагменты кафлі ўнутранага ўбрання Косаўскага палаца, сярэдзіна ХІХ ст. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Аднак пра былое багацце палаца сёння сведчаць толькі нешматлікія экспанаты ў адной з музейных залаў. Падчас раскопак знайшлі кафляныя ўпрыгожанні палаца, часткі статуяў, манеты і некаторыя побытавыя рэчы жыхароў замка. На месцы багатых разьбяных комінаў на ўваходзе засталіся толькі іх малюнкі.

Фрагменты кафлі ўнутранага ўбрання Косаўскага палаца, Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Падымалі з руін

Цягам дзвюх сусветных войнаў адзін з самых багатых палацаў Беларусі цалкам разрабавалі і разбурылі, былі знішчаныя парк і аранжарэі. У часе Другой сусветнай у палацы зрабілі гета, у 1944-м годзе будынак падпалілі партызаны. Пажар, які не спыняўся дзесяць дзён знішчыў усю дэкаратыўную аздобу, якая захавалася да таго моманту. Частка сцен абвалілася, не было даху. Разам з палацам гарэў таксама дом Тадэвуша Касцюшкі.

Гэтак выглядае Косаўскі палац пасля рэканструкцыі. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Сам палац спецыялісты аднаўлялі літаральна з руінаў. Першае, што трэба было зрабіць – вывезці неймаверную колькасць смецця, якім былі заваленыя сцены палаца. Была зроблена гідраізаляцыя фундамента і створаная інжынерная інфраструктура. У палацы правялі электрычнасць і ваду, аднавілі і перабудавалі каналізацыю. Рэстаўратары адбудавалі ўнутраныя сцены будынку, уставілі вокны і пафарбавалі фасад.

Косаўскі палац, нашыя дні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Легенды для турыстаў

Як і кожны з замкаў, палац у Косаве мае сваю ўнікальную гісторыю.

Будаваць палац у 1838-м годзе пачаў Казімір Пуслоўскі, мясцовы фабрыкант, які збіў маёнтак на вытворчасці дываноў. Дабудаваў замак яго сын Вандалін, які быў вялікім аматарам мастацтва. Замак называлі «рыцарскай мрояй».

Макет Косаўскага палаца ў адной з залаў. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

З ім звязана таксама прыгожая гісторыя кахання. Вандалін настолькі кахаў сваю жонку, што гатовы быў здзейсніць кожны яе капрыз. Да прыкладу, улетку для пані Пуслоўскай насыпалі ў парку саляныя горы, каб яна магла катацца на сваіх любімых санях. Варта дадаць, што ў той час соль была вельмі каштоўным прадуктам, які далёка не кожны мог сабе дазволіць. Мясцовыя расказваюць, што пільнаваць пакоі палаца на ноч выпускалі льва.

Сам палац будаваўся ў стылі рэтраготыкі. У той час такая архітэктура была своеасаблівым палітычным пратэстам супраць ідэалогіі расейскага цара. Дарэчы не аднойчы ў палацы балявалі такія знакамітыя і вальнадумныя асобы, як Напалеон Орда, пісьменнікі Генрык Сянкевіч, Эліза Ажэшка, Юзаф Пілсудскі і Вацлаў Ластоўскі.

У Косаўскім палацы. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Сёння для наведнікаў адчынена пяць залаў, дзе знаходзяцца інфармацыйныя стэнды на расейскай і ангельскай мовах. На стэндах можна дазнацца глыбей пра гісторыю палацу, мястэчка Косава і асаблівасці рэстаўрацыйных працаў. У адным з памяшканняў будуць ладзіцца мастацкія выставы.

Косаўскі палац адчынены для наведнікаў з серады па нядзелю ад 10-й да 17.30. Панядзелак і аўторак – выходныя.

Паўліна Валіш

Глядзі таксама
Каментары