Кіраўнік польскага МЗС: Візіт у Беларусь – у другой палове сакавіка


Польскі міністр замежных справаў Вітальд Вашчыкоўскі хоча прыехаць у Беларусь на аўце, наведаць Менск і «месцы, дзе жывуць палякі».

Пра гэта ён заявіў на пятнічнай сустрэчы, прысвечанай 100 дням працы ведамства са дня выбараў.

«Хачу, каб гэта быў не толькі візіт ветлівасці на некалькі гадзінаў. Хачу туды паехаць аўтам, даехаць да Менску, а таксама да месцаў, дзе жывуць палякі Беларусі. Хачу таксама наведаць горад, у якім калісьці нарадзілася мая маці», – паведаміў Вітальд Вашчыкоўскі.

Міністр дадаў, што ён разлічвае на вяртанне Беларусі на шлях супрацы з Еўразвязам, пасярэднікам у якой можа быць Польшча.

«Я лічу, што Беларусь зʼяўляецца нашым суседам, з якім трэба нармалізаваць стасункі, якія дагэтуль, можа, не напружаныя, але неадрэгуляваныя і нестабільныя», – заявіў кіраўнік польскага МЗС.

Паводле яго, хутка стане вядомая і дата візіту.

НМ, belsat.eu, паводле Pap.pl

Глядзі таксама
Каментары